Мова Нанова Ці складана быць беларускамоўным лекарам у Беларусі?


Глеб Лабадзенка ідзе на прыём да беларускамоўнага хірурга Змітра Караля. Вядоўца «Мовы нанова» даведаецца, як успрымаюць беларускамоўнасць доктара пацыенты менскай раённай паліклінікі ды ці хапае яму беларускамоўнай тэрміналогіі ў працы.

Зміцер Кароль падзяляе меркаванне пра тое, што беларуская медычная тэрміналогія не да канца распрацаваная, таму беларуская мова ў медыцыне вельмі лімітаваная.

Але лекар не здаецца і піша гісторыі хваробаў пацыентаў па-беларуску. Такія захады не толькі дапамагаюць захоўваць беларускую мову, але і адукоўваюць калегаў у паліклініцы.

«Калі іншыя лекары атрымліваюць мой дзённік, яны чытаюць, ім гэта цікава. Яны кажуць, што нават калі слова незразумелае, яны глядзяць ці перакладаюць і даведваюцца пра новае такім чынам», – тлумачыць Зміцер.

Хірург апавядзе не толькі аб працы, але і аб сваім незвычайным танцавальным захапленні і нават дасць невялікі майстар-клас па танцу вог (vogue).

У граматычнай частцы Алеся Літвіноўская навучыць, як па-беларуску правільна казаць: хадзіць «у грыбы і ягады», «па грыбы і ягады» ці «за грыбамі і ягадамі».

Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары