Ці праб'ецца NaviBand у фінал Еўрабачання?


Заўтра пройдзе другі паўфінал Еўрабачання, у якім прыме ўдзел беларускі гурт NaviBand з кампазіцыяй «Гісторыя майго жыцця». Перспектывы беларусаў ацаніў аўтар і ведучы праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў.

«Наш гурт на агульным фоне выглядае добра з пункту гледжання меламана і з пункту гледжання мастацтва. Але гэта трошкі не фармат Еўрабачання. Сёлета на Еўрабачанні няма схілу ў бок фрыкаў, думаю, схіл цяпер будзе ў бок еўрашлягераў. Тут можна паглядзець на тое, што прапаноўваюць букмекерскія канторы – яны кажуць, што ў італьянцаў вялікія магчымасці перамагчы, у партугальскага хлопчыка, які працуе на слёзы хатніх гаспадынь, магчыма ў балгарскага выканаўца, які выконвае нешта традыцыйна пасрэднае», – кажа Філімонаў.

Паводле Філімонава, Еўрабачанне наагул вельмі спецыфічны конкурс:

«Трэба разумець, што ўвесь гэты конкурс – гэта не пра мастацтва, гэта пра спаборніцтва. Вялікі музычны бізнес звычайна не звяртае на гэты конкурс ніякай увагі».