Ці пойдуць менчукі на страйк 3 жніўня?


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – выбарчая кампанія, рэпрэсіі над актывістамі і журналістамі, эпідэмія каронавірусу. Каментары пацярпелых з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Інфармацыйнае агенцтва БелТА перадрукоўвае ананімную інфармацыю пра вяртанне падтрымкі электарату Лукашэнкам і спадзеў на 75 % галасоў на выбарах. Сам кіраўнік грозіцца навесці парадак са свабодай слова. А ў сеціве з’явілася відэа з Магілёўскага інстытуту МУС, дзе вучацца разганяць пратэстоўцаў.

У Менску ж скаргу Сяргея Ціханоўскага на змяшчэнне ў карцар разглядалі ў закрытым рэжыме. Справу каментуе жонка Сяргея, Святлана Ціханоўская. У Краснаполлі на Магілёўшчыне дзяўчыну затрымалі за надпіс «Стоп, Лука!», а мы шукаем паралеляў з новай песняй на верш Уладзіміра Някляева «Вам!». Сам паэт у свой дзень народзінаў завітаў у нашую праграму. Ягоныя развагі пра творчасць, свабоду, уладу ў сённяшняй праграме.

Генпракуратура сама анансуе агульнанацыянальны страйк 3 жніўня і сама ж пагражае за яго пакараць. «Народны мікрафон» з Галінай Абакунчык пра гэты страйк. А таксама жыхар сталіцы Алег Зыль, які распавядзе, як ягоны подпіс сфальцавалі, каб падтрымаць не вядомую яму жанчыну як кандыдатуру ў склад выбарчай камісіі № 90 у Менску.

Тым часам у Віцебску працаўнікоў дзяржпрадпрыемстваў і ўстановаў адукацыі змушаюць набываць квіткі на канцэрты «Славянскага базару». Ці бяспечна хадзіць на канцэрт у горадзе, які яшчэ нядаўна быў эпіцэнтрам каронавіруснай інфекцыі? Што пра гэта думаюць самі жыхары абласнога цэнтру? Усё гэта ў нашай праграме. Запрашае Сяргей Падсасонны.

Таксама не забывайце пісаць нам: belsat@gmail.com.

Калаж з фота: belsat.eu