Ці мы гэтак жа пераможам Лукашэнку, як палякі перамаглі камуністаў?


Сорак гадоў таму Еўропа была падзеленая жалезнаю заслонай, што размяжоўвала кантынент на свабодныя, дэмакратычныя дзяржавы ды пазбаўленыя суверэнітэту і цалкам залежныя ад савецкай імперыі. Сярод такіх краін была і Польшча. Ці поспех масавага мірнага пратэсту польскай «Салідарнасці» 80-ых гадоў мінулага стагоддзя, які перамог камуністычную тыранію, можа цяпер паўтарыцца ў Беларусі?

Пераломны момант для Польшчы наступіў летам 1980 г. Рэальным лакаматывам тых падзеяў сталіся Гданьск і Шчэцін. Менавіта ў гэтых заходніх польскіх гарадах страйкавы рух набыў сапраўды масавы характар, што прымусіла камуністычныя ўлады пайсці на перамовы ды саступіць.

Асноўным вынікам забастовак было стварэнне першага незалежнага аб’яднання прафзвязаў «Салідарнасць», якое ўзначаліў электрык гданьскае карабельні Лех Валэнса. Таксама вельмі важную ролю ў развіцці гэтага грамадскага руху адыграў Касцёл. Восень 1980 г. прайшла пад знакам агульнай эйфарыі.

«У жніўні 1980-га года ў Польшчы дзеяла даволі добра зарганізаваная антыкамуністычная апазіцыя, аб’яднаная ў розныя структуры. Нічога не ўзялося з паветра. Рабочых, якія былі самай вялікай сілай пратэстаў, вельмі хутка падтрымалі апазіцыянеры, якія ўжо дзеялі ў розных структурах, мелі веды ды змагаліся з камуністычнай дзяржавай, карыстаючыся яе ж законамі, што ўлады самі і парушалі», – тлумачыць доктар гуманістыкі, выкладнік Інстытуту гісторыі Універсітэту ў Вроцлаве, намеснік дырэктара Цэнтру гісторыі «Zajezdnia» Войцех Кухарскі.

Аднак ужо ў снежні 1981 г. прэм’ер-міністр Польскай Народнай Рэспублікі Войцех Ярузэльскі абвяшчае ў краіне ваеннае становішча. Афіцыйна – нібыта праз небяспеку ўвядзення савецкіх войскаў. На вуліцах польскіх гарадоў з’яўляюцца танкі і бранятэхніка. Тагачасны дзеянні ўладаў выклікалі моцную хвалю пратэстаў, але ўсе яны былі жорстка здушаныя вайскоўцамі ды міліцыяй. Пачаліся рэпрэсіі, арышты актывістаў.

«Салідарнасць» была вымушаная сысці ў падполле. Нягледзячы на рэпрэсіі, незалежны самаўрадавы прафзвяз застаўся негвалтоўным рухам.

«Спецслужбы мелі адмысловыя праграмы ўздзеяння на мазгі працаўнікоў, каб іхныя вера і розум вагаліся згодна з інтарэсамі партыі, і, збіваючы людзей і нават забіваючы іх, яны меркаваі, што выступаюць у абароне інтарэсаў тагачаснага рэжыму. Гэтыя працаўнікі былі перакананыя ў тым, што ўсё робяць слушна. Гэта не былі толькі найміты, якія працавалі за грошы, яны верылі ў тое, што робяць», – працягвае эксперт Войцех Кухарскі.

У чым сіла мірных пратэстаў? Чаму Касцёл не застаўся па-за палітыкаю, калі палякі змагаліся з камуністычнай няволяй? Якія яшчэ ўрокі для Беларусі можна зрабіць з польскіх пратэстаў 1980-ых гг.?

ПРА ГЭТА ДЫСКУТУЕМ З ГАСЦЬМІ ТОК-ШОУ «INTERMARIUM» НА «БЕЛСАЦЕ»:

  • Сямён Букчын (Менск, Беларусь), доктар філалогіі, публіцыст, аўтар кнігі «Польскія дзённікі», сябра Міжнароднага PEN-клубу.
  • Ян Маліцкі (Варшава, Польшча), гісторык, дырэктар Студыяў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту. Дзеяч польскага падполля ў сацыялістычнай Польшчы.
  • Войцех Кухарскі (Вроцлаў, Польшча), доктар гуманістыкі, выкладнік Інстытуту гісторыі Універсітэту ў Вроцлаве, намеснік дырэктара Цэнтру гісторыі «Zajezdnia».

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

Праграма «INTERMARIUM» таксама даступная на YouTube-канале «Белсат Гісторыя».

Калаж з фота: Bogdan Lopienski / Forum, Chris Niedenthal / Forum, Natalia Fedosenko / TASS

Belsat.eu