Ці Лукашэнка прадаў незалежнасць. «ПраСвет» з Алінай Коўшык


Чаму Расея павялічыць свой уплыў на Асада? Чым падобныя Лукашэнка і Пуцін, і што яны схавалі ад нас у Пецярбурзе? Як павысіць свае шанцы выжыць падчас тэракту? Рэвалюцыі ў суседзяў – урокі для беларусаў. Глядзіце ў найноўшым выданні тэлечасопісу.

«Атака ЗША павялічвае ўплыў расейцаў на Асада»

Сітуацыю вакол Сірыі каментуе Вітальд Рэпетовіч, эксперт парталу defence24.pl па Блізкім Усходзе.

Што ўтойваюць ад нас Пуцін і Лукашэнка?

Доўгачаканай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Пецярбургу не перашкодзіў нават тэракт. Пра балючыя пытанні, якіх паміж Беларуссю і Расеяй назбіралася ўжо процьма, кіраўнікі дзяржаваў размаўлялі больш за пяць гадзінаў. Што прывёз кіраўнік Беларусі з усходу і што ахвяраваў узамен? Рэпартаж Руслана Шошына.

«Лукашэнка разагнаў пратэсты ў асабістых інтарэсах»

Пра тое ці Беларусь і Расея ўжо прайшлі кропку невяртання, ці расейскія пратэстоўцы хочуць рэвалюцыі? Інтэрв’ю з Паўлам Пучковым, гісторыкам, супрацоўнікам Аляксея Навальнага, выкладчыкам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Выжыць падчас тэракту

У 2016-м тэрарысты найчасцей абіралі самазабойчыя атакі, выкарыстоўвалі выбухоўку ці машыны. Але былі і так званыя active shooters, якія не бралі закладнікаў.

Тэракт у некалькіх сотнях кіламетрах ад Беларусі на гэтым тыдні, у метрапалітэне Санкт-Пецярбургу, нагадвае, што мір і спакой сёння – гэта раскоша. Як кожны з нас можа павялічыць свае шанцы захаваць жыццё – рэпартаж Аліны Коўшык з курсаў па антытэрарызме (трэйлер: правіла № 1 – не панікаваць).

Румынія, Польшча, Украіна. Шляхі да свабоды нашых суседзяў

У краінах з дыктатурай ідэалогія часта тлумачыць бязмежныя паўнамоцтвы дзяржавы менавіта барацьбой з тэрарызмам, абаронай ад вайны і рэвалюцыі. Мы забралі вашую свабоду, каб было мірнае неба над галавой, каб не пралілася кроў – кажуць з трыбунаў і экранаў тэлевізараў харызматычныя лідары. Але не спрацоўвае, і ў выніку дыктатураў льецца кроў, ідуць войны, а людзі прызвычайваюцца жыць на волі, як у турме. Аднак нямала нашых суседзяў вырвалася з такога становішча. Якія бываюць шляхі да свабоды? Матэрыял Яраслава Сцешыка.

Ежы Бароўчак: «Захад непрызвычаены да палітыкі Лукашэнкі»

Як народ можа прымусіць уладу да дыялогу? Ці хопіць толькі дэманстрацыяў? Як арганізаваць страйк, што рабіць каб ён быў эфектыўным? Сяргей Пеляса паразмаўляў з Ежы Бароўчакам, дэпутатам польскага Сейму, які ў 80-я гады быў арганізатарам страйкаў супраць камуністычных уладаў у Гданьскай майстэрні караблёў.

Венесуэла. Ад нафтавага Эльдарада да чэргаў па хлеб

Прэзідэнт з Вярхоўным судом супраць парламенту. У Венесуэле на фоне няспыннага эканамічнага крызісу і масавых пратэстаў ідзе зацятая барацьба барацьба за ўладу. Яшчэ нядаўна апазіцыя ў парламенце пагражала прэзідэнту імпічментам, але ў выніку менавіта Нікаляс Мадура здолеў пазбавіць Нацыянальную асамблею часткі паўнамоцтваў. Матэрыял Усевалада Шлыкава.