Ці будуць змененыя правілы прызыву ў войска?


Памятаем, як Лукашэнка абяцаў раздаць беларусам ажно сем мільёнаў аўтаматаў. Зброі не раздаў, але пра магчымасці паваяваць думаць не кінуў. У часе сённяшняй нарады з пастаяннымі чальцамі Рады бяспекі Лукашэнка ламаў галаву над пытаннем: як набраць у беларускае войска дастатковую колькасць юнакоў? Асаблівы галаўны боль у кіраўніка дзяржавы, сярод іншага, выклікае зусім не дэмаграфічная яма, а… павальныя ўхіленні і адтэрміноўкі для навабранцаў.

Аляксандр Алесін, вайсковы эксперт:

«За апошнія 10 гадоў колькасць прызыўнога кантынгенту скарацілася ў два разы. І цяпер менш з каго выбіраць. Акрамя таго, у нашым войску сапраўды вельмі шмат адтэрміновак. Кіраўнік краіны назваў каля 47. Гэта другая прычына. І трэцяя – гэта маральная негатоўнасць моладзі спаўняць свой вайсковы доўг. Справа даходзіць да таго, што маладыя людзі выбіраюць эміграваць, каб не служыць у нашай арміі. […]

Я думаю, што ільготы міністэрства паўплываюць на вельмі невялікую колькасць моладзі. Справа ў тым, што трэба змяняць стаўленне да выхавання патрыётаў краіны. Беларускія юнакі павінныя ведаць, што яны абараняюць сваю Айчыну. І выхоўваць у такім духу трэба з дапрызыўнай падрыхтоўкі. І нават раней – з дзіцячага садку…»

За апошнія 10 гадоў колькасць прызыўнікоў, якія стаяць на ўліку, скарацілася амаль удвая. Ці маладыя беларусы не спяшаюцца ісці ў войска? Чаму склалася такая сітуацыя, мы спыталі жыхароў Менску.

belsat.eu