Цэнтрвыбаркам Малдовы «залічыў» прэзідэнцкія выбары


Сацыялісты замест праеўрапейцаў. На прэзідэнцкіх выбарах у Малдове і Балгарыі ўпэўнена перамаглі кандыдаты, што выказвалі прарасейскія погляды. У выніку балгарскі ўрад падаў у адстаўку, а малдаўская апазіцыя не прызнае дакладнасці выбараў.

Кандыдат ад Балгарскай сацыялістычнай партыі генерал-маёр запасу Румэн Радэў набраў у другім туры больш за 59 % галасоў.

У выбарчай кампаніі былы камандуючы Вайскова-паветраных сілаў напіраў на абарону, у тым ліку ад масавай нелегальнай міграцыі, ды на збліжэнне з Масквой. Радэў абяцаў, што пад ягоным кіраўніцтвам Балгарыя, як чалец Еўразвязу, будзе дамагацца адмены еўрапейскіх санкцыяў, уведзеных за расейскую агрэсію ва Украіне. Аднак у першай заяве новаабраны прэзідэнт паабяцаў развіваць дыялог і з Масквой, і з Вашынгтонам.

«Што датычыць вайны і міру, новы абраны прэзідэнт ЗША рабіў падчас кампаніі заявы аб лепшым дыялогу з Расеяй. Гэта дае нам спадзеў на ўрэгуляванне канфліктаў у Сірыі, ва Украіне і на зніжэнне напружанасці ў палітыцы. Хай так і будзе, мы ўсе гэтага чакаем», – сказаў Румэн Радэў.

Удзел Балгарыі ў НАТО і Еўразвязе Румэн Радэў пад сумнеў не ставіць. Ягоная суперніца Цэцка Цачэва ад партыі ГЕРБ абяцала будаваць яшчэ больш праеўрапейскую палітыку, і набрала толькі 36 % галасоў. У выніку аднапартыец Цачэвай, прэмʼер Бойка Барысаў падаў у адстаўку разам з урадам – да выбараў новага кабінету міністраў.

«Цяпер я бачу, што мы нарабілі шмат памылак, але мы партыя, якая вучыцца на сваіх памылках і выпраўляе іх», – сказаў Бойка Барысаў.

У Малдове эмоцыі зусім іншыя. Адзіная кандыдатка ад праеўрапейскіх партыяў запатрабавала адстаўкі кіраўніцтва Цэнтрвыбаркаму і Міністэрства замежных справаў. Мая САнду кажа, што шмат малдаванаў за мяжой пазбавілі права галасавання.

«Мы прасілі ўлады павялічыць колькасць бюлетэняў і адкрыць новыя выбарчыя ўчасткі ў рэгіёнах, дзе жыве шмат грамадзянаў Малдовы: у Францыі, Італіі, Румыніі. Нашыя просьбы праігнаравалі. У выніку выбарчыя ўчасткі ў Лондане, Балонні, Бухарэсце і Парыжы засталіся без бюлетэняў. Сотні людзей не змаглі прагаласаваць, сотні грамадзянаў, якія прайшлі доўгі шлях, якія стаялі на холадзе і пад дажджом, не змаглі прагаласаваць. Сітуацыя непрымальная», – сказала Мая Санду.

Гэтак у некаторых гарадах Еўразвязу дайшло да пратэстаў выбарцаў ля малдаўскіх амбасадаў. Там праеўрапейская кандыдатка мела найбольшае падтрыманне.

Сёння пратэсты пачаліся і ў Кішынёве. Аднак Цэнтрвыбаркам лічыць выбары ўдалымі.

«Праз электронную пошту нам прыйшлі скаргі, і мы іх апрацоўваем. Мы будзем разбірацца ў іх і дамо адказ на ўсе пададзеныя скаргі», – сказала старшыня ЦВК Малдовы Аліна Русу.

Удзельнікі пратэстаў патрабуюць трэцяга туру выбараў.

Ігар Дадон аднак абвесціў пра сваю перамогу яшчэ да сканчэння падліку галасоў. Ён ужо рыхтуецца да першага замежнага візіту – у Маскву.

«Выбары скончыліся. Людзі аддалі свае галасы. Давайце не будзем баламуціць настроі ў грамадстве. Мэта двух кандыдатаў на прэзідэнта – забяспечыць баланс. Таму я звяртаюся да апанентаў: незалежна ад выніку, давайце заклікаем людзей захоўваць спакой. Нам не трэба закалоты і правакацыі, не трэба дэстабілізацыя», – сказаў Ігар Дадон.

У сваёй праграме прарасейскі кандыдат-сацыяліст абяцаў праз рэферэндум адмяніць пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам ды абапірацца на праваслаўе. Паводле палітычных аналітыкаў, Дадон перамог дзякуючы пратэставым галасам людзей, незадаволеных дзеяннямі праеўрапейскага ўраду.

«Варта чакаць, што Дадон стрымае некаторыя абяцанні, зробленыя падчас выбарчай кампаніі: зблізіцца з Расеяй; нейкія дзіўныя рухі ў бок Прыднястроўя ды іншае», – мяркуе палітычны аглядальнік Влад Цуркану.

Малдова, у адрозненні ад Балгарыі, пакуль толькі на шляху ў Еўразвяз. Яе галоўныя перашкоды ў еўраінтэграцыі – слабая эканоміка Малдовы і нявызначанасць статусу Прыднястроўя, непрызнанай рэспублікі пад абаронай расейскага ваеннага кантынгенту.

Яраслаў Сцешык belsat.eu