Царскія навукоўцы шукалі рускіх, а знайшлі беларусаў


Асобнасць беларускага народа не выклікае сумневаў у этнографаў. Але расейскія ўлады ва ўсе часы прытрымліваліся іншага погляду на гэтае пытанне, адмаўляючы беларусам у праве на існавання. «Няма ніякіх беларусаў, няма ніякай Беларусі – ёсць рускія родам з паўночна-заходніх ускраін Расеі». Тых жа, хто кажа пра асобную беларускую нацыю, называюць нацыстамі.

Расейская ўлада ўсталявалася на беларускіх землях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVIII ст. У той час пытанне нацыяў яшчэ не стаяла. Але ўсё змянілася ў ХІХ ст., калі поўным ходам пайшоў працэс фармавання сучаснай беларускай нацыі. У адказ на гэта расейскія ўлады распачалі апантаную русіфікацыю.

Той, хто думае, што гэта засталося ў мінулым – памыляецца. Проста цяпер гэта робіцца не так адкрыта. У царскай Расеі не хацелі карыстацца словамі «Беларусь» ці «Літва». Пра беларускія землі гаварылася проста як пра шэраг губерняў: Віцебскую, Магілёўскую, Гарадзенскую і Віленскую, каб яны ніяк не вылучаліся сярод рэшты расейскіх губерняў. Таксама і ў ХХІ ст. Уладзімір Пуцін, працягваючы старыя асімілятарскія традыцыі, прапанаваў уваход Беларусі ў РФ паасобна шасцю вобласцямі. Прыклаліся да русіфікацыі і ўлады незалежнай Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Варта ўвагі тое, першыя расейскія даследчыкі Беларусі прышлі да высновы, што беларусы – асобны народ. Справа ў тым, што пасля далучэння беларускіх земляў да Расеі, туды былі накіраваныя навуковыя экспедыцыі для вывучэння прыроднага багацця і насельніцтва новаздабытых абшараў. Так былі «адкрыты» беларусы.

«Санкт-Пецярбург ставіў перад сабою мэту даказаць, што тут жывуць сапраўдныя рускія. – кажа кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк. – Але што цікава – гэтыя экспедыцыі прыйшлі да абсалютна супрацьлеглых высноваў. [што беларусы – заўв. Белсат] адназначна не рускія».

Доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч дадае, што беларусаў таксама беспаспяхова прабавалі «запісаць» у палякі.

«Этнаграфічныя даследаванні, нягледзячы на першапачатковы намер іх аўтараў выявіць «расейскасць» або «польскасць» беларусаў, засведчылі існаванне асобнага шматмільённага народа з уласнай мовай, культурай і велізарным этнічным абшарам». – кажа Аляксандр Краўцэвіч.

Як і чаму змянялася палітыка расейскіх уладаў на беларускіх землях? Да каго ставіліся лагодней, а да каго больш жорстка: беларусаў, габрэяў ці палякаў? Якая ідэалогія стала падмуркам русіфікатарскай палітыкі? Ці Расея па ранейшаму прабуе асіміляваць Беларусь?

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.