Трымалі ў камеры, дзе па чалавеку поўзалі лічынкі: у Рэчыцы пасля пратэстаў катавалі мастака


Чалавека прыкавалі да рашоткі, каб ён не мог варухнуцца, у адказ на скаргу на нязносныя ўмовы ўтрымання. Мужчына перарэзаў вены, каб звярнуць увагу на праблемы.

Аляксандр Алмаеў – мастак з Рэчыцы, сталы ўдзельнік пратэставых мірных акцыяў у сваім горадзе. На адной з іх Аляксандра затрымалі, падчас арышту мужчыну змясцілі ў карцар. На месцы рукамыйніка ў камеры была адкрытая каналізацыйная труба. Праз яе ў карцары ўвесь час невыносна смярдзела. Спадар Аляксандр паскардзіўся вартаўнікам на смурод, але іхная рэакцыя была нечаканаю.

«На сцяне была груба звараная рашотка, яна мацавалася ланцугамі. Мяне прышпілілі да гэтай рашоткі. Можна было прышпіліць, калі хацелі пакараць, так, каб чалавек не пакутаваў, каб можна было папрысядаць, парухацца. А мяне адмыслова прышпілілі такім чынам, каб я не мог рухацца, з дапамогаю дзвюх параў кайданкаў», – прыгадаў мастак.

Мaю прaвa
Звярыная жорсткасць: берасцейцу праламалі чэрап і распачалі супраць яго крымінальную справу
2020.10.16 19:05

Праз некалькі дзён Аляксандра Алмаева перавялі ў звычайную камеру, але змясцілі там чалавека, у якога па целе поўзалі лічынкі. Каб пазбавіцца такога суседства, затрыманы пастанавіў дзеяць радыкальна.

«Я напісаў чатыры заявы, што калі яны не прыбяруць яго з камеры, не спыняць здзеку, то я перарэжу сабе вены. І калі яны гэта праігнаравалі, 1-га кастрычніка я перацяў сабе вены», – распавёў спадар Алмаеў.

Пакуль працаўнікі ізалятару звярнулі ўвагу на мастака, ён згубіў паўтара літра крыві.

«Мяне даставілі ў шпіталь. Дзякуй вялікі рэчыцкім хірургам, хутка зашылі. Як я зразумеў, праз сітуацыю ў больніцы з COVID-19 ім наагул было не да мяне. Усе стомленыя – на знос працуюць цяпер», – заўважыў жыхар Рэчыцы.

Намеснік начальніка АУС Рэчыцкага райвыканкаму па ідэалагічнай працы Андрэй Сёмкаў адмовіўся тлумачыць здарэнне.

Мaю прaвa
«У мяне быў шок, калі я ўбачыў сваю нагу!» Сілавікі моцна скалечылі маладзёна
2020.11.06 18:35

Яшчэ ў камеры Аляксандр Алмаеў напісаў на імя начальніка калоніі запіску: «Пасля таго, як вы знішчылі маю скаргу, пададзеную на вас, я публічна заяўляю, што вы – нягоднік і баязлівец! А цяпер, калі вы карыстаецеся службовым становішчам, каб ускладніць адбыццё майго арышту, вы пераўтварыліся ў інтрыгана і падлюгу!»

«Я лічу, што гэта помста за выразную грамадзянскую пазіцыю. Як і ў большасці грамадзянаў нашай краіны. Для мяне гэта дзікунства, каб у ХХІ стагоддзі адбываліся такія рэчы», – заўважыў мастак.

У дзеяннях начальніка ізалятару, маёра Лабанава, міліцыя парушэнняў не знайшла. Затое ў запісцы спадара Алмаева была заўважаная абраза! Цяпер ідзе разбор справы.

Мaю прaвa
Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі
2020.09.18 20:05

Юрыст прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка гэтак пракаментаваў справу Аляксандра Алмаева:

«Ахвярам катаванняў, ахвярам бесчалавечнага абыходжання ў ізалятарах рэкамендуем не маўчаць! Фіксаваць усе гэтыя выпадкі, як толькі чалавек аказаўся на свабодзе, казаць пра гэта, пісаць скаргі, дакументаваць. Мы не маўчым, мы па гэтым кейсе абавязкова пройдзем усе ўнутраныя сродкі прававой абароны – дзеля таго, каб вынесці гэтае пытанне на разгляд міжнародных інстанцый».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Пачаліся масавыя адлічэнні студэнтаў
  • Гомельскі актывіст атрымаў адказ з Камітэту правоў чалавека ААН
  • Дастаўца піцы застаўся і без аўта, і без працы

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.