Тры самагубствы за два месяцы. У Беларусі замежнікі лезуць у пятлю праз жорсткае заканадаўства




Украінец Сяргей Працэнка дзесяць гадоў таму пазнаёміўся са сваёй будучаю жонкай Ірынаю і прыехаў за ёю ў Беларусь. Цяпер у сям’і трое дзяцей: Руслан, Раман і Наста. Забяспечвае іх Сяргей, працуючы на Буда-Кашалёўскім мясакамбінаце.

«Залежыць усё ад паставак мяса. Ёсць пастаўкі мяса – працуем, няма – даюць выходныя, распавядае спадар Сяргей. – Не абавязкова ў суботу і нядзелю, могуць даць выходныя і пасярод тыдня».

Летась на Сяргея Працэнку склалі пратакол за адміністратыўнае правапарушэнне.

«У працаўніка сын нарадзіўся. Пасля працы зайшлі ў кавярню, адзначылі трошку. Ну і патруль спыніў з пахам», – распавядае Сяргей.

Гэтага хапіла, каб паставіць пытанне пра высылку спадара Сяргея з нашае краіны на тры гады.

«Я пачала распытваць, чаму не на паўгода, не на год, а менавіта на тры гады. Паведамілі: скажыце дзякуй, што не на дзесяць, – распавядае жонка Сяргея Ірына Працэнка. – Я папросту не ўяўляю, калі яго вышлюць, як мы будзем жыць. У нас крэдыты, растэрміноўкі, садок. Калі ўсё сплаціць, мне застанецца 140–150 рублёў. І, канечне, да нас будуць прыходзіць сацыяльныя службы, яны ўсе будуць ціснуць на мяне. А што я адна магу зрабіць?»

Сёлета Буда-Кашалёўскія міграцыйныя службы збіраліся выслаць яшчэ аднаго мужчыну – Віталя Кузьмянкова з вёскі Негаўка.

«Яго звольнілі з працы, быў у нецвярозым стане, але ўсё роўна збіраліся зноў браць на працу, – кажа ўдава Віталя Вольга Кузьмянкова. – Мы з’ездзілі ў пашпартны стол, яна ў яго забрала від на жыхарства і адразу выпісала».

Саракагадовы Віталь Кузьмянкоў скончыў жыццё самагубствам. У яго засталося шэсць дзяўчатак. Мужчыну збіраліся выслаць у Расею на дзесяць гадоў. У перадсмяротнай цыдулцы Віталь Кузьмянкоў напісаў, што прычына ўчынку – высыланне.

«Я б нават не падумала, нават не верыла, дагэтуль мне не верыцца, – распавядае ўдава. – Паўсюль прабіваўся, від на жыхарства ён жа ў Менску атрымаў…»

За некалькі месяцаў праз пагрозу высылання з нашае краіны скончылі жыццё самагубствам тры асобы. Другі выпадак адбыўся летась у снежні ў Лоеве. Трэцяя трагедыя здарылася ў Брагінскім раёне.

Hавiны
Грамадзянін РФ скончыў жыццё самагубствам праз пагрозу дэпартацыі з Беларусі
2019.02.05 21:23

Што да гісторыі Сяргея Працэнкі, мы пацікавіліся ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі, ці маюць сэнс такія жорсткія рашэнні Буда-Кашалёўскіх міграцыйных службаў.

«Ніхто не выйграе ад гэтай высылкі: ні дзяржава, таму што ён мае крэдыты, ні ягоная сям’я, бо застанецца жонка без мужыка, а дзеці без бацькі. Тым больш што дзеці рызыкуюць трапіць у сацыяльна небяспечнае становішча, бо могуць да іх ужыць Дэкрэт № 18», – кажа праваабаронца.

Падчас рыхтавання сюжэту да эфіру стала вядома, што Гомельскі абласны суд адмяніў пастанову Буда-Кашалёўскага суда і рашэнне мясцовага РАУСу аб высыланні Сяргея Працэнкі. Ён застаецца са сваёй сям’ёй у Беларусі.

Аб’ектыў
«Мне няма куды ехаць. Калі мяне вышлюць, я паеду ваяваць у Данбас». Сяргей Працэнка застаецца ў Беларусі
2019.02.07 22:12

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Нарадзінца Ліды высылаюць у Расею на 10 гадоў
  • Беларусы – пра замежнікаў у нашай краіне
  • Магілёўцаў пазбавілі гаўбцоў
  • Алена Кірылюк з Пінску змагаецца за сваіх дзяцей

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.