Тры парады анархіста, як захаваць незалежнасць


Што рабіць, калі тваёй краіне пагражае акупацыя? Пытанне, якое апошнімі днямі ў розных фармулёўках гучыць куды часцей, чым адказ на яго. Аднак ёсць і адказы, у тым ліку і ад тых, хто паводле ўласных ідэйных перакананняў наагул не мае аніякіх сімпатыяў да дзяржавы як інстытуту. Анархіст, а апошнім часам і актыўны блогер Мікола Дзядок на сваім Youtube-канале сфармуляваў тры крокі да незалежнасці.

Валеры Руселік, вядоўца: Якія гэта крокі, на якія, як ты цвердзіш, здатны кожны з нас?

Мікола Дзядок, блогер, актывіст, анархіст: Першы крок – гэта размаўляць беларускай мовай як мага часцей. Другі крок – гэта быць актыўным, як мага часцей распаўсюджваць свой пункт гледжання па максімуму сярод сяброў, знаёмых, родных. І трэці – гэта ўдзельнічаць ва ўсіх акцыях у абарону незалежнасці.

– То бок не дзяліцца, як кожны раз мы назіраем, на чыю акцыю пойдзем, на чыю не пойдзем, а чым больш – тым лепей?

– Так, да таго ж бачна, што гэтыя акцыі будуць множыцца хутчэй за ўсё.

– Калі гаварыць пра інтэрнэт, наколькі ён сёння ўплывовы? Ці варта спадзявацца, што інтэрнэт-пратэст ператворыцца ў вулічны?

– Большасць беларускай інтэрнэт-аўдыторыі пранезалежніцкая, гэта вядомы факт, ён заўважны ўсім. Што датычна пераходу інтэрнэт-актыўнасці ў рэальную, гэта адбываецца далёка не заўсёды. Адная справа ставіць лайкі і рабіць рэпосты, і іншая справа ў аўтарытарнай краіне выходзіць на вуліцу, дзе цябе могуць пабіць ці пасадзіць. Але гэта прынамсі супольнасць, і тое, што яна робіць, можа служыць лакмусавай паперкай часткі беларускага грамадства, перш за ўсё гарадскога насельніцтва і маладзёнаў. Якраз сёння беларускія тэлеграм-каналы, тэлеграм-супольнасць зрабіла супольную заяву ў абарону незалежнасці Беларусі, і на той момант, калі я пад’язджаў да студыі, яе праглядзела каля 150 тысяч чалавек. А супольная аўдыторыя гэтых тэлеграм-каналаў – ужо каля 100 падпісалася – пад 400 тысячаў…

Працяг размовы – у відэа.

Валеры Руселік belsat.eu

Фота: Васіль Малчанаў, Белсат / Vasily Fedosenko, Reuters, Forum

Аб’ектыў
Апазіцыя яднаецца, расце хваля пратэстаў супраць «інтэграцыйных дамоваў»
2019.12.04 23:03