Гарачы каментар Тры арэшкі для Лукашэнкі. Чаго кіраўніку Беларусі чакаць ад новага прэзідэнта Літвы?


Многія беларусы назіралі і нават заўзелі за нядаўнімі выбарамі прэзідэнта Украіны. А 12 траўня прыклад таго, як грамадзяне выбіраюць і змяняюць уладу ў сваёй краіне, прадэманструюць нашыя паўночныя суседзі – у Літве адбудзецца першы тур прэзідэнцкіх выбараў. А ў дадатак – яшчэ і два рэферэндумы.

Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук:

«Напэўна, Саўлюс Сквярняліс будзе зручнейшым для беларускіх уладаў. Таму што ён дэманструе большы прагматызм, менш акцэнтуе ўвагу, напрыклад, на правах чалавека і некаторых іншых праблемных момантах беларуска-літоўскіх стасункаў. Але пры любым сыходзе я б не чакаў хуткіх прарываў. Самое пытанне беларуска-літоўскіх стасункаў, асабліва пытанне АЭС, вельмі зараз балючыя для літоўскага боку. Літоўская палітычная эліта мае дастаткова кансалідаваную пазіцыю, і ўсё гэта можа быць зменена толькі ў выніку вельмі доўгіх кансультацый, перамоваў, доўгіх захадаў. Спадзявацца на тое, што нешта зменіцца пасля другога тура, канешне, наіўна…»

Выказванні трох лідараў прэзідэнцкай гонкі – адносна дачыненняў з Беларуссю.

Інгрыда Шамыніце, кандыдатка на прэзідэнта Літвы:

«Мы можам быць добрымі суседзямі, але пры некалькіх умовах. Гэта беларускі падыход да дэмакратычных каштоўнасцяў, тое, чаго мы тут у Еўразвязе не прымаем. Напрыклад, тое, што адбылося нядаўна з руйнаваннем крыжоў у Курапатах – гэта вандалізм! Кіраваны дзяржаваю вандалізм! Яшчэ адная ўмова – гэта пытанне вельмі сціслай вайсковай кааперацыі паміж Расеяй і Беларуссю».

Гітанас Наўседа, кандыдат на прэзідэнта Літвы:

«Мы былі ў адной дзяржаве – Літоўскім княстве. Гэта стварае эмацыйны фон, які важны для мяне. Я думаю, што літоўцы вельмі па-сяброўску настроеныя ў дачыненні да беларусаў. Мы вельмі хацелі б, каб у сярэдне- і доўгатэрміновым плане мы мелі за суседа незалежную беларускую дзяржаву. І мы будзем ставіцца да Беларусі як да незалежнай дзяржавы і дапамагаць усім магчымым».

Саўлюс Сквярняліс, кандыдат на прэзідэнта Літвы:

«Калі мы гаворым пра любую краіну, аснова дзяржавы – гэта прымаць рашэнні, забяспечваючы патрабаванні канвенцыі асноўных правоў ды свабодаў чалавека. Вядома, Беларусь – гэта наш сусед. Мы сотні гадоў жылі побач, маем шмат агульнай гісторыі ды магчымасцяў супрацы. Цяпер нашую супрацу тармозіць пытанне АЭС, але, калі мы пачнем рухацца і будзем мець прагрэс у гэтым пытанні, думаю, знойдуцца і іншыя магчымасці для супрацы на палітычным узроўні. Эканамічна мы і так блізка супрацоўнічаем».

Мы спыталі жыхароў Вільні, наколькі для іх важнае пытанне Беларускай атамнай станцыі? Ці падчас галасавання за прэзідэнта для іх будзе істотнай пазіцыя кандыдата па атамнай станцыі ў Беларусі?

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары