Трасянка – наша ўсё. Як пісалі дакументы ў Рэчы Паспалітай


Як беларуская мова закралася ў польскія дакументы, распавядае гісторык Юры Гардзееў.

Доктар гістарычных навук Юры Гардзееў, прафесар Ягелонскага ўніверсітэту ў Кракаве быў удзельнікам апошняга выдання гістарычнага ток-шоу «Intermarium», прысвечанага Рэчы Паспалітай.

У студыі госці праграмы абмяркоўвалі ў тым ліку і моўнае пытанне ў дзяржаве, якая была саюзам Вялікага княства Літоўскага з Польшчаю. Паводле Юрыя Гардзеева, казаць пра тое, што на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад гэтай дзяржавы, адбывалася прымусовая паланізацыя, нельга: «У тыя часы ніхто не разважаў у такіх катэгорыях».

Беларуская мова, зазначае гісторык, развівалася далей. І ўплывала на польскую. Так, у магістрацкіх кніжках Менску і Магілёву сустракаецца беларускае «аканне» ды «яканне», а таксама беларускае «г» (маецца на ўвазе, «h», а не «g» у лацінскім алфавіце). Напрыклад, замест «Meleszko Stolarz» (імя і прафесія) мы сустракаем «Mialeszka Stalar».

«Пісар пісаў па-польску, але забываўся, бо адною з моваў, якой ён карыстаўся, была беларуская. А гэта значыць, што яна ў XVIII ст. была жывая, ёй карысталіся», – робіць выснову Юры Гардзееў.

Доктар гістарычных навук Анджэй Закшэўскі (Andrzej Zakrzewski) з Варшавы прыводзіць іншы цікавы прыклад: у XVI ст. сустракаюцца подпісы кірыліцай з допісам «рэнком власном».

«То бок чалавек ужо меў амбіцыі валодаць польскай мовай, але яшчэ не валодаў польскім алфавітам», – тлумачыць госць студыі.

Кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч з Менску, у сваю чаргу, падкрэслівае, што хоць насельніцтва Вялікага княства Літоўскага працягвала карыстацца беларускай мовай, з публічнай сферы палітычнага жыцця яна ўсё больш выцяснялася. Перад Львом Сапегам ужо стаяла дылема, на якой мове выдаваць Статут ВКЛ 1588 года. У выніку ад польскай адмовіліся, паколькі ўжо была праведзена велізарная праца над тэрміналогіяй, а яна была па-беларуску.

«Але ўсё ж сферу публічнага жыцця ўсё больш і больш займала польская мова», – падсумаваў Алег Дзярновіч.

Больш цікавінак пра жыццё ў Рэчы Паспалітай – у поўным выданні ток-шоу «Intermarium» (відэа вышэй).