«The New York Times»: Штаб Доналда Трампа кантактаваў з расейскімі спецслужбамі. Ёсць доказы


Сябры выбарчага штабу Доналда Трампа кантактавалі з прадстаўнікамі расейскай выведкі за год да выбараў у ЗША. «Нью-Ёрк Таймз» паведамляе, што ёсць запісы тэлефонных размоваў, якія пацвярджаюць гэты факт.

«Нью-Ёрк Таймз» са спасылкаю на крыніцы ва ўрадзе паведамляе, што Пол Мэнафарт, які займаў пасаду кіраўніка перадвыбарчага штабу Трампа, цягам некалькіх месяцаў кантактаваў з выведкаю Расеі. Імёны іншых чальцоў каманды Трампа, чатырох дзейных і двух былых амерыканскіх чыноўнікаў, якія мелі гэткія сувязі, суразмоўцы выдання адмовіліся назваць. Мэнафарт назваў гэтую інфармацыю «абсурдам».

«Я не ведаю, што гэта азначае. Я ніколі свядома не гаварыў з афіцэрамі расейскіх спецслужбаў, і я ніколі не быў звязаны з расейскім урадам, адміністрацыяй Пуціна ці іншымі пытаннямі, у якіх цяпер вядзецца расследаванне», – кажа Пол Мэнафарт.

У панядзелак сышоў у адстаўку Майкл Флін. Дарадца прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі пакінуў пасаду пасля таго, як высветлілася, што ўтаіў ад кіраўніцтва частку размовы з Сяргеем Кісляком, расейскім амбасадарам у Вашынгтоне.

«Пытанне не ў тым, што ён абмяркоўваў і атрымалася ў яго ці не належным чынам паінфармаваць віцэ-прэзідэнта аб размове. Пытанне ў тым, што ён страціў давер прэзідэнта, і калі прэзідэнт папрасіў ягонай адстаўкі, ён яе атрымаў», – тлумачыць прадстаўнік Белага дому Шон Спайсер.

Паводле версіі «Нью-Ёрк Таймз», Флін абмяркоўваў з расейскім амбасадарам магчымасць часткова адмяніць эканамічныя санкцыі супраць Крамля. Аднак Флін у інтэрвʼю выданню «Дэйлі Колер» адзначыў, што абмяркоўваў рашэнне адміністрацыі Барака Оўбамы выслаць з ЗША 35 расейскіх дыпламатаў.

«Я сказаў: я ведаю, што адбылося. Мы ўсё гэта разгледзім яшчэ раз. Я ніколі не казаў: мы перагледзім санкцыі. Нічога падобнага», – кажа экс-дарадца прэзідэнта ЗША Майкл Флін.

Адстаўка Фліна і абвінавачанні каманды Трампа ў кантактах з расейскаю выведкаю выклікалі рэзкую рэакцыю ў Кангрэсе ЗША, дзе ня толькі настойваюць на расследаванні, але ставяць пад сумнеў наагул эфектыўнасць адміністрацыі прэзідэнта.

«Я думаю, што існуе значная дысфункцыя ў апараце нацыянальнай бяспекі адміністрацыі Трампа. Калі вы разумееце, што ня ведаеце, хто адказны за сітуацыю з Флінам, то гэта частка дысфункцыі адміністрацыі», – мяркуе сенатар Джон Маккейн.

Расейскі бок сітуацыі з Флінам адназначна не каментуе, аднак распаўсюджвае меркаванне, што адстаўка дарадцы прэзідэнта – гэта сурʼёзны ўдар па камандзе Трампа. Праціўнікі кіраўніка ЗША разгортваюць супраць яго кампанію, канчатковаю мэтай якой можа стаць імпічмент.

Ігар Віняўскі, «Белсат»