Тэракт у Вялікдзень: у правінцыі Пакістану зачынілі паркі і абвясцілі жалобу


«Я стаяў побач з арэлямі, калі адбыўся выбух. Ён быў вельмі гучны. Мы прыбеглі сюды і пабачылі лужыну крыві ды людзей – загінулых і параненых, якія ляжалі паўсюль. Тут не было належнай сістэмы аховы. У гэтым месцы мусілі быць прынятыя моцныя захады бяспекі», – дзеліцца сваймі думкамі іншы відавочца Мугамад Аршад.

Адказнасць за напад узяла на сябе звязаная з «Талібанам» тэрарыстычная групоўка «Джамаат-уль-Ахрар». Фракцыя пакістанскіх талібаў раней дэкларавала лаяльнасць «Ісламскай дзяржаве», а цяпер кінула выклік пакістанскім уладам, назваўшы тэракт «уваходам у горад Лягор».Як ідзе расследаванне, распавёў намеснік генеральнага інспектара Лягору Хайдэр Ашраф:

«Мы выкарыстоўваем для расследавання адмысловыя службы – як, напрыклад, контртэрарыстычнае аддзяленне. Ёсць пэўныя рэчы, што могуць прывесці нас да імавернага тэрарыста-смяротніка ды асобаў, якія стаяць за гэтай атакаю».

Паводле папярэдняй інфармацыі, звесткі выканальніка выбуху ўжо вядомыя: каля цела тэрарыста былі знойдзеныя дакументы. Гэта мужчына 1988-га года нараджэння. Паліцыя правяла рэйд у рэгіёне, з якога паходзіў смяротнік: затрыманыя 15 асобаў, у тым ліку 2 браты тэрарыста. Каб не дапусціць аналагічных тэрактаў, улады правінцыі Пенджаб загадалі зачыніць усе грамадскія паркі. У рэгіёне абвесцілі трохдзённую жалобу.

«Усе ведалі, што ўчора быў Вялікдзень у нашай хрысціянскай грамадзе, яны адзначалі свята. Усе ведалі, што жанчыны і дзеці будуць ісці ў паркі. Ці не мусілі ўлады запэўніць бяспеку? Гэта правал нашага ўраду», – мяркуе юрыст Ашраф Чышці.

Тым больш, што гэта не першы напад ісламісцкіх баевікоў на хрысціянаў ды на іншыя рэлігійныя меншасці ў Пакістане за апошняе дзесяцігоддзе. Шмат хто з хрысціянаў мяркуе, што ўрад амаль нічога не робіць для абароны. Паводле іх, палітыкі заўсёды хуткія ў спачуваннях пасля нападаў, але вельмі павольныя ў якіх-кольвек кроках для павышэння ўзроўню бяспекі.Ігар Кулей