Тэракт у канадскай мячэці – 6 загінулых і 8 параненых


6 загінулых і 8 параненых – такі вынік узброенай атакі на мячэт ды Ісламскі культурны цэнтр у канадскай правінцыі Кўэбэк. Двое нападнікаў затрыманыя, паліцыя высвятляе матывы злачынцаў. А прадстаўнікі ўладаў у адзін голас кажуць пра тэракт.

На мячэць, якая адначасова выконвае функцыі ісламскага культурніцкага цэнтру гораду Кўэбэк у аднайменнай правінцыі Канады, напалі ўзброеныя асобы.

«Кўэбэк быў сёння заатакаваны тэрарызмам, цяжка паверыць, што наш прыгожы ды спакойны горад магло напаткаць такое. Але гэта адбылося. Шэсць асобаў страцілі жыццё, а 8 чалавек параненыя, некаторыя з іх у вельмі цяжкім стане», – сказаў Філіп Куяр, прэмʼер-міністр Кўэбэку.

Сведкі кажуць пра трох нападнікаў у масках з аўтаматычнаю зброяй. Падчас страляніны яны выкрыквалі «Алаху акбар». На першым паверсе мячэці, дзе адбыўся інцыдэнт, былі толькі мужчыны-мусульмане, жанчыны ў гэты час маліліся на другім паверсе. Паліцыя затрымала двух падазраваных у нападзе, аднаго з іх – пасля працяглае пагоні.

«Хачу нагадаць, што мы ўсе мусім захоўваць салідарнасць паміж нашымі супольнасцямі. Хачу перадаць некалькі словаў нашым суседзям – кўэбэкцам-мусульманам: мы з вамі, гэта ваш дом, мы радыя вам тут, мы ўсе кўэбэкцы», – сказаў Філіп Куяр, прэмʼер-міністр Кўэбэку.

Прэмʼер-міністр краіны – Жустэн Трудо – у сваім «Тўітэры» таксама назваў здарэнне ганебным тэрактам. Варта адзначыць, што гэта не першы выпадак, калі гэтая ўстанова трапіла ў загалоўкі навінаў. Паўгода таму падчас святога для мусульманаў месяца Рамадан, невядомыя пакінулі на прыступках мячэці свіную галаву з зычэннем «смачна есці». Але мясцовыя настойваюць: стаўленне да мусульманаў тут было заўсёды прыязнае.

«Я ніколі не бачыў нічога, што б выходзіла за нормы. Усе тут ладзяць міжсобку. Я ніколі не сутыкаўся з нейкімі праявамі варожасці ці нянавісці ў дачыненні мусульманаў. Так што я сапраўды шакаваны тым, што адбылося», – кажа мясцовы жыхар Антані Катэ.

«Мне проста цяжка ўявіць сабе тыя жудасныя рэчы, што адбыліся. Тут, дзе большасць людзей вельмі паважліва ставяцца да культурніцкіх адрозненняў! Бачыць і чуць такое – жудасна», – кажа жыхарка суседняга гораду Люіз Дʼамор.

Страляніна адбылася праз некалькі гадзінаў пасля таго, як канадскія чыноўнікі запрапанавалі часовае пражыванне ўсім асобам, якія вымушана затрымаліся ў Канадзе праз новае распараджэнне прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, што забараняе грамадзянам з сямі мусульманскіх краінаў уезд у Злучаныя Штаты і спыняе праграму прыёму ўцекачоў.

«Мы працягнем курс нашай іміграцыйнай палітыкі, які запэўнівае спачуванне, эфектыўнасць, эканамічныя магчымасці, ахову здароўя ды бяспеку канадцаў. Мы вітаем тых, хто ратуецца ад пераследу тэрору і вайны», – сказаў міністр іміграцыі Канады Ахмэд Хусэн.

Міністр дадаў, што ў той жа час Канада не адмаўляецца ад двухбаковага пагаднення з ЗША, якое прадугледжвае абавязак уцекача задэклараваць жаданне атрымаць прытулак у першай з дзвюх краінаў, на тэрыторыі якой ён апынуўся.

ІК belsat.eu