«Тэлефануюць і дактары, і кіроўцы». Як беларусы шукаюць працу ў Польшчы


Каардынатар па дапамозе мігрантам з Беларускага дому ў Варшаве Аляксей Лявончык – пра тое, чым Польшча прыцягвае нашых суайчыннікаў.

Учора Аляксей Лявончык напісаў у «Фэйсбуку», што «прарвала дамбу» – беларусы сталі масава цікавіцца працай у Польшчы.

Мы вырашылі запрасіць яго ў студыю і паразмаўляць пра тое, чаго на польскім рынку працы шукаюць беларускія грамадзяне.

«Цяпер у нас нямала працы, – тлумачыць адмысловец. – Мы дапамагаем кансультацыямі пры Беларускім доме ў Варшаве – раім, што рабіць і куды падацца, у тым ліку тлумачым юрыдычныя моманты. Ў апошнія выходныя мы прынялі 37 званкоў. Такога ніколі не было: мы пачыналі з аднаго званка ў дзень».

«Параўноўваць трэба не толькі тое, што тут можна зарабіць 500, а там 2000. Трэба глядзець на ўмовы і кошты жыцця», – тлумачыць папулярнасць Польшчы сярод беларусаў Аляксей Лявончык.

«Польшча запрашае працоўных мігрантаў не праз дабрачыннасць. Бо інакш палякам прыйдзецца перакупаць працоўную сілу ў Літве або іншых краінах. Або заманьваць людзей больш высокімі заробкамі. Гэта ўжо ўдарыць па канкурэнтаздольнасці. У іх калі ласка: пад рукой Беларусь і Украіна – даволі адукаваная працоўная сіла і шмат некваліфікаванай, якая можа запаўняць розныя нішы», – дадае эксперт.

Поўную размову Вольгі Жарнасек з Аляксеем Лявончыкам глядзіце ў «Гарачым каментары»