Студыя «Белсат» Тэквандо ў Беларусі. Чаму не едзем на Алімпіяду?


 

Тэквандо – адзін з відаў усходніх адзінаборстваў з магутнай тэхнікаю, які зарадзіўся ў Карэі. Яго асаблівасць – эфектыўная і хуткасная сістэма ўдараў нагамі, аналагаў якой няма ні ў адным з відаў усходніх адзінаборстваў. Паняцце тэквандо ўключае ў сябе таксама спосаб мыслення і жыцця, яно амаль што культ.

Карэйскае «тхэ» азначае выкананне ўдару нагой у скачку або палёце, «кўан» – кулак, галоўным чынам у кантэксце нанясення ўдару або разбівання чаго-небудзь рукою, «до» – мастацтва, шлях праўды, пракладзены ў мінулым, пакрыты святасцю і мудрасцю. Нашыя суразмоўцы па-рознаму ацэньваюць развіццё тэквандо ў Беларусі, аднак у тым, што дзіцячы спорт занепадае, яны згодныя.

Анатоль Ліхадзіеўскі, трэнер, уладальнік чорнага поясу тэквандо:

«Вельмі мала ўвагі надаецца развіццю дзіцяча-юнацкага спорту ў нашай краіне. Магчыма, пасля таго, як адбудзецца рэарганізацыя ў нашай федэрацыі, то будуць пэўныя змены да лепшага».

Юлія Уладыка, трэнерка Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», упэўненая, што вельмі мала грошай выдзяляецца на гэты від спорту, федэрацыя не надае пэўнай увагі ды не імкнецца палепшыць стан справаў:

«На дзіцячы спорт няма амаль ніякага фінансавання, усе выдаткі за конт бацькоў. Таму дасягнуць пэўных вынікаў не кожны здолее».

Спаборніцтвы па тэквандо ўпершыню з’явіліся на 27-х летніх Алімпійскіх гульнях 2000-га года ў Сіднэі ды з таго часу заўжды ўлучаюцца ў праграму галоўнага спартовага форуму чатырохгоддзя. Беларускія спартоўцы на міжнародных спаборніцтвах заваёўвалі шмат медалёў, аднак планка на алімпійскія ўзнагароды яшчэ не скарылася, а таму шмат працы яшчэ наперадзе.

Былы настаўнік нацыянальнай зборнай краіны Анатоль Ліхадзіеўскі – адзіны ў Беларусі ўладальнік сёмага дана, таксама мае чорны пояс па таэквандо, зазначае, што даволі шмат кірункаў у гэтым відзе, а таму, безумоўна, патрэбная рэарганізацыя.

Перспектыўнай моладзі ў беларускім тэквандо хапае, а таму, калі ўдала пройдзе вышэйзгаданая рэарганізацыя, то, магчыма, і вынікі пойдуць угору, а там не за гэтымі самымі гарамі і алімпійскія перамогі.

Дзмітрый Сухановіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары