Таямніца менскіх уладаў: знос дамоў абмяркоўвалі 38 «мёртвых душ»


У папярэднім выданні мы пачалі распавядаць пра бяду жыхароў менскага пасёлку Паўночны. Іхныя дыхтоўныя прыватныя дамы раптоўна пастанавілі знесці. План дэталёвае забудовы пасёлку змянілі летась.

Прадстаўнікі адміністрацыі Заводскага раёну цвердзяць, што гэта ўзгаднілі з жыхарамі на грамадскім абмеркаванні. Тыя ж кажуць, што нават аб’явы ніхто не бачыў. Нават набліжаныя да раённае адміністрацыі пра грамадскае абмеркаванне нічога не чулі. У людзей шмат пытанняў да чыноўнікаў, аднак тыя кажуць адно: усё адбываецца паводле закону.

Глядзіце сюжэт ад 13:00 хвіліны.

Іншыя тэмы выдання:

Рэпрэсіўныя водгукі пратэстнае вясны

Рэпрэсіі, распачатыя супраць удзельнікаў «Маршаў недармаедаў», цяпер закранулі і незалежных журналістаў. Толькі 12 сакавіка ў краіне затрымалі 18 журналістаў і блогераў, калі яны працавалі на акцыях пратэсту. Гэта больш, чым за ўвесь 2016 год. Журналістаў затрымлівалі пераважна падчас таго, як яны выконвалі на акцыях службовыя абавязкі.

Найбольш актыўную моладзь намагаюцца нейтралізаваць

Вясна 2017 адзначылася актыўнасцю беларускага грамадства. А разам з тым і ціскам уладаў на моладзь. Студэнты ВНУ і навучэнцы іншых адукацыйных установаў знаходзяцца ў групе рызыкі. Іхную актыўную грамадзянскую пазіцыю намагаюцца сцішыць прафілактычнымі размовамі ў міліцыі, у адміністрацыі навучальных установаў. Калі гэтыя метады не спрацоўваюць, маладзёнаў прыцягваюць да судоў і караюць штрафамі. Найбольш упартым пагражаюць адлічэннем.

Апытанне: што вы баіцеся страціць?

Нярэдка інтарэсы грамадзянаў не супадаюць з дзяржаўнымі. Калі дзяржаве патрэбная зямля пад тваім домам, яго знясуць. Калі твае погляды адрозныя ад дзяржаўнае ідэалогіі, ты можаш застацца без працы або месца навучання. Мы запыталіся ў грамадзянаў, што яны баяцца страціць.

Знос дому тлумачаць неабходнасцю пабудаваць дзіцячую пляцоўку

Восем гадоў таму ТАА «Валынь» атрымала зямлю для будаўніцтва шматпавярховага жылога дому на вуліцы Валгаградская ў Менску. Будоўля распачалася побач з дамамі родных брата і сястры – Юрыя Леановіча і Наталлі Філімонавай. Праз пэўны час «Валынь» абанкруцілася, і домам пачало займацца Упраўленне капітальнага будаўніцтва Савецкага раёну. Тут і напаткалі сям’ю спадара Юрыя прыгоды. Ён выпадкова даведаўся пра знос свайго дому: адпаведную пастанову Менгарвыканкам зацвердзіў без удзелу ўласнікаў. Цяпер на месцы дому Леановічаў з чырвонай цэглы будаўнікі намерыліся зрабіць дзіцячую пляцоўку.