«Танцы нанова». З курсаў беларускай мовы - на дыскатэку


Ідэя імпрэзаў з народнымі танцамі нарадзілася падчас сустрэчы на курсах беларускай мовы «Мова нанова», куды прыйшлі аматары танцаў распавесці пра любімы занятак.

Наведнікі тэмаю зацікавіліся, і ўжо больш за год у бабруйскім «Тайм-клубе» амаль штотыдзень ладзяцца вячоркі з навукай народных танцаў, якія ў выніку выліліся ў сапраўдную цыклічную імпрэзу – пад назваю «Этнадыскатэка». Прычым дыскатэка гэтая заўжды пад жывую музыку, падкрэслівае арганізатарка Юлія Літвінава.

«Наша такая прынцыповая пазіцыя – жывыя танцы пад жывую музыку. Мы не граем пад нейкія запісы электронныя, у нас – супольны танец разам з музыкамі, бо музыкам разам з танцорамі і граць прасцей».

Сябры «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» Юлія Літвінава і Зміцер Мурашка ладзяць «Этнадыскатэку» кожныя два тыдні ў бабруйскім Палацы мастацтваў. Сярод наведнікаў – не толькі моладзь. Другі год займаецца танцамі лекарка Данута Дзячэнка.

«Ужо з узростам каардынацыя рухаў не такая, ужо не так ты рухаешся. А хочацца рухацца лёгка і прыгожа».

Адметна, што, каб зладзіць вячоркі з танцамі, зусім не абавязкова мець адмысловую адукацыю, дастаткова – жаданне і досвед, кажа Юлія Літвінава.

«Я не маю харэаграфічнай падрыхтоўкі, і ўсе мае веды, навыкі – гэта тое, што было падгледжана, пратанцавана разам з носьбітамі падчас этнаграфічных экспедыцыяў, падчас розных майстар-класаў».

А вось самое мастацтва танцу, паводле ўдзельніцы курсаў Дануты Дзячэнкі, – далёка не простае.

«Я заўсёды захаплялася людзьмі, якія танцуюць, мне здавалася – вось паляцеў бы… А стала танцаваць – не так гэта лёгка».

Апроч «Этнадыскатэкі», актывісты «Студэнцкага этнаграфічнага таварыства» па-ранейшаму ладзяць у Бабруйску «Вечарынкі народных танцаў» – у папулярнай у горадзе «Антыкавярні».

Вольга Гардзейчык

Іншыя тэмы:

  • Спектакль пра ўсё і не для ўсіх: у Менску прайшоў выступ тэатру «ІнЖэст».
  • Пачуць «Цішыню паверхаў» разам з фотамастаком Аляксандрам Саенкам.