«Там была мясарубка». Чаму прадпрыемства адмаўляецца кампенсаваць шкоду сваякам загінулых рабочых?


Брыгада рабочых з васьмі чалавек Мазырскага філіялу трэсту «Белсантэхмантаж № 1» у верасні 2018 года вярталася з Астраўца, дзе працавала на будоўлі АЭС.

На 104-м кіламетры трасы Менск – Гомель адбылася аварыя – у машыну, якая перавозіла рабочых, урэзаўся аўтамабіль, за стырном якога быў нецвярозы кіроўца. У тым ДТЗ загінуў муж Марыны Зямецкай – Аляксандр. Жанчына распавяла здымачнай групе «Маю права», што працоўнае абсталяванне перавозілася ў салоне разам з людзьмі.

«Там была мясарубка, там было 70 кілаграмаў жалязяк», – распавядае Марына Зямецкая.

Суд прызнаў вінаватым у ДТЗ кіроўцу аўтамабіля, які ўрэзаўся ў машыну з рабочымі. Ён таксама загінуў.

«Наступствы перавозу інструментаў ды іншыя парушэнні тэхнікі бяспекі не былі расследаваныя належным чынам», – кажа спадарыня Марына.

Мaю прaвa
Людзі ўсё часцей гінуць на працы. Хто за гэта адказны?
2019.11.20 19:05

У аварыі загінуў яшчэ адзін рабочы брыгады – 38-гадовы Віталь Шэўка. Без бацькі засталіся двое дзяцей.

«Старэйшаму сыночку споўнілася 14 гадкоў, дачушцы – тры гады», – распавядае бацька Віталя, спадар Зміцер.

Прадпрыемства «Белсантэхмантаж № 1» аплаціла жалобную цырымонію і надмагільныя помнікі, выплачвае пенсію па страце кармільца. Скампенсаваць жа маральную шкоду пацярпелым у той аварыі і родным загінулых адмаўляецца.

«Суд прысудзіў выплаціць нам гэтыя маральныя страты. Але арганізацыя падала на апеляцыю, разгляд апеляцыі прайшоў 27 снежня, – кажа Марына Зямецкая. – Рашэння суда засталося ў моцы, але арганізацыя не плаціць».

«Нашая арганізацыя не прызнае гэтых пазоваў»

Віктару Рабянку пашанцавала: ён у аварыі выжыў. Доктар у бальнічным лісце напісаў, што ў Віктара – побытавая траўма. Яму давялося праз суд дамагацца, каб траўмы прызналі вытворчаю. Спадар Віктар згубіў 80 адсоткаў працаздольнасці. Да таго трагічнага ДТЗ ён прапрацаваў у «Белсантэхмантажы» 18 гадоў, мае шмат граматаў і падзяк.

«Суд мне прысудзіў 35 тысяч [рублёў], каб яны мне сплацілі. Але яны толькі частку грошай пералічылі, астатняе – нічога не выплацілі», – кажа Віктар.

Карэспандэнты «Маю права» накіраваліся ў «Белсантэхмантаж», каб даведацца, чаму арганізацыя адмаўляецца скампенсаваць маральную шкоду. Начальнік аховы працы трэсту «Белсантэхмантаж № 1» Аляксандр Рамановіч так пракаментаваў пазіцыю прадпрыемства:

«Нашая арганізацыя не прызнае гэтых пазоваў, бо насамрэч не было няшчаснага выпадку на вытворчасці. Рэальна прызнаваць людзей пацярпелымі ў няшчасным выпадку, якія пакінулі месца працы і не зразумела дзе атрымалі траўмы, скалечанне, у тым ліку і смяротныя пашкоджанні. Неправамоцна».

Мaю прaвa
130 рублёў за 29 працоўных дзён. Сяляне працуюць у нечалавечых умовах
2019.10.23 20:05

Каб дамагчыся годнае кампенсацыі, сваякі пацярпелых звярнуліся па дапамогу да праваабаронцаў.

«Хаця прамой віны наймальніка няма, але ж аўтамабіль – гэта крыніца павышанай небяспекі, – кажа Леанід Судаленка, прадстаўнік прафсаюзу РЭП. – І, паводле Грамадзянскага кодэксу, уласнік гэтай крыніцы, нават без сваёй віны, павінен кампенсаваць маральную шкоду».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Кіроўца-дальнабойнік пасля аварыі ў Расеі не можа атрымаць кампенсацыі
  • Беларусы – пра траўмы на вытворчасці
  • У Баранавіцкім інтэрнаце забараняюць хатнюю жывёл
  • У жыхаркі Давыд-Гарадка забралі сына праз яе інваліднасць

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.