«Талацэ» – 30. Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя адзначыла юбілей


«Вось ужо трыццаць гадоў існуе пераемнасць пакаленняў – з тым пакаленнем, што мы называем адраджэнцамі, і дагэтуль нашая дзейнасць не перапынялася», – адзначае цяперашні старшыня «Талакі» Яўген Меркіс.

А пачалася гісторыя гомельскае «Талакі», калі Таццяну Сапач і Сяргея Дубаўца, выпускнікоў журфаку БДУ, размеркавалі на працу ў Гомель. Вакол іх і пачала збірацца арганізацыя.

«Потым далучыліся мастакі Цімохавы, потым астатняя моладзь. На працы ў талацэ ў веткаўскім музеі згуртаваліся студэнты-філолагі, далучыліся Алесь Бяляцкі, Кася Каваленка, і вырашылі стварыць такое аб’яднанне – «Талаку», – узгадвае талакоўка першай генерацыі, Вальжына Цярэшчанка.

Агулам праз арганізацыю прайшлі каля трохсот сябраў, а колькасць прыхільнікаў гомельскае «Талакі» сягае за некалькі тысячаў. Цяпер у арганізацыі – тры кірункі дзейнасці.

«Акрамя этнаграфічнай і краязнаўчай дзейнасці мы ладзім шмат культурніцка-асветніцкіх мерапрыемстваў і спрабуем узняць культурніцкі ўзровень самасвядомасці на больш высокі ўзровень», – зазначае Яўген Меркіс.

Фальклорныя экспедыцыі ды майстар-класы, змаганне за архітэктурную спадчыну, альтэрнатыўная мапа Гомля, мультфільмы і дыскі на грунце мясцовага песеннага матэрыялу, дзясяткі краязнаўцаў, навукоўцаў ды творцаў – гэта ўсё спадчына арганізацыі, што працягвае дзеяць у Гомлі.

Іншыя тэмы: Гітарыст Яўген Бузоўскі сышоў з гурта «IQ48». «Міс свету – 2016» стала дзевятнаццацігадовая Стэфані дэль Валле з Пуэрта-Рыка. Беларускі тэатр «Лялька» ладзіць беларускамоўныя навагоднія шоу для дзяцей.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»