«Тактыка вожыка» выратуе Беларусь у канфлікце NATO і Расеі


Амерыканскія вайскоўцы з новага танкавага батальёну NATO прыбылі ў Польшчу, днямі следам за імі з Нямеччыны прыедзе баявая тэхніка. Аперацыя названая «Атлантычная рашучасць», але супраць каго яна накіраваная? Ці ёсць пагроза для бяспекі Беларусі?

«Гэтыя танкі рухаюцца да беларускай мяжы. Бо з пункту гледжання заходніх генералаў Беларусь, знаходзячыся ў вайскова-палітычным звязе з Расеяй, ёсць яе прыдаткам. З улікам бягучага супрацьстаяння паміж NATO і Расеяй Беларусь разглядаецца таксама як патэнцыйны праціўнік», – кажа кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

«Масква дала зразумець, што яна б хацела ўзмацніць вайсковую прысутнасць у Беларусі праз стварэнне расейскай вайсковай авіябазай. Масква хацела б мець тут не толькі авіябазу, але і іншыя вайсковыя аб’екты», – кажа Андрэй Паротнікаў.

Адмову Беларусі размяшчаць авіябазу Масква лічыць не канчатковай, а прамежкавай, упэўнены госць праграмы.

«Таму што Беларусь павінна ў 2017 годзе выплаціць 5 мільярдаў долараў дзяржаўных пазыкаў, а ліквідная частка золатавалютных рэзерваў – 2 мільярды 300 мільёнаў долараў. Беларусь – фактычна краіна-банкрут. 80% вонкавай фінансавай дапамогі прыходзіць з Расеі. І ад яе залежыць, ці зможам мы разлічыцца», – кажа ён.

Прагноз Паротнікава на 2017 год – Расея будзе ствараць уладам Беларусі праблемы эканамічнага характару, інфармацыйнага і на ўзроўні спецслужбаў.

Падрабязней – у «Размове Калінкінай».