«Такія людзі бачаць фальш». Ксёндз Славамір Ласкоўскі пакідае Беларусь


Гомельскі пробашч Славамір Ласкоўскі пакідае Беларусь пасля 28 гадоў служэння. Ён паспеў зрабіць шмат у духоўным жыцці як Гомля, гэтак і ўсёй краіны.

Ксёндз прыехаў у Гомель у 89-м годзе. Тут не было ні парафіі, ні каталіцкай святыні. А ўжо сёння парафіяльная супольнасць налічвае каля тысячы сталых вернікаў. Менавіта ксёндз Ласкоўскі дамогся перадачы вернікам майстэрні мастакоў – былой капліцы – каб паўстаў касцёл. Адрадзіліся і іншыя каталіцкія парафіі Гомельшчыны. Таксама вялікая ўвага надаецца міласэрнасці – дзякуючы сёстрам ордэну Маці Тэрэзы і Бэнэдыктынкам Самарытанкам; паўсталі «Дзіцячая вёска» для інвалідаў, дабрачынная місія «Карытас Міласэрнасць», групы ананімных алкаголікаў і ананімных наркаманаў. І гэта толькі частка зробленага.

Аляксандр Лукашэнка ў грамадзянстве Ласкоўскаму адмовіў. Праваабаронца Алесь Яўсеенка з Гомля лічыць, што такія людзі, адукаваныя і энергічныя, утвараюць небяспеку для беларускай улады:

«Такія людзі бачаць фальш. А фальшу ў нашым жыцці даволі шмат, таму гэта для нашай улады непрымальна».

Паводле Яўсеенкі, каталіцкія вернікі ў Гомлі адчуваюць сябе цяпер нібыта яны асірацелі.

«Ксёндз Славамір прыехаў на пустое месца – не было ні касцёла, анічога. Але ён адбудаваў, шукаў сродкі, ездзіў па ўсім свеце – шукаў, хто можа дапамагчы. Ён быў народнік – ішоў у народ і знаходзіў кантакт з рознымі людзьмі», – кажа Яўсеенка.