Тайскі бокс для ўсіх


6 лютага свет адзначыў Дзень муай-тай. У Беларусі тайскі бокс не мае значнай дапамогі з боку дзяржавы, аднак нашыя байцы рэгулярна заваёўваюць медалі на міжнародных турнірах. Найвядомейшы беларус у сусвеце муай-тай – Віталь Гуркоў – правёў з нагоды ўрачыстага дня бясплатнае трэнаванне ў сваім баксёрскім клубе.

«Каля 200 заявак было. Адабралі 20 пераможцаў, сёння было 12–14, астатнія падыдуць у любы дзень», – кажа шматразовы чэмпіён свету па муай-тай.

Нягледзячы на тое, што ўсе ўдзельнікі – аматары, а трэнаванне для іх праводзіў прафесіянал, нагрузку ўсе вытрымалі.

«Шчыра кажучы, мне было складана, але не невыносна. Я змагла зрабіць усё, што ад мяне патрабавалася, плюс мне гэта яшчэ і спадабалася», – кажа ўдзельніца трэнавання Крысціна.

«Я лічу, што гэта адзін з «мужчынскіх» відаў спорту. Небяспечны ў плане траўмавання. У той жа час ён амаль не патрабуе экіпіроўкі. Рукі, ногі – вось і ўсё, што патрэбна. З іх дапамогай чалавек з даўніх часоў мог абараніць сябе, сваю сям’ю, свой дом. Таму гэта такі прыкладны від спорту, які развіваўся паралельна з развіццём цывілізацыі», – дадае Дзмітрый.

«Я займаўся, але вельмі даўно. Гадоў 15 таму. Потым праца, не было часу, ну і закінуў усё», – зазначае Андрэй.

Віталь Гуркоў лічыць, што тайскі бокс можа быць карысным усім ахвотным, бо спрыяе падтрыманню добрай фізічнай формы. Каб атрымліваць задавальненне, неабавязкова займацца ім прафесійна.

«Цікавасць ёсць. Поспехі нашых спартоўцаў спрыяюць таму, што расце колькасць людзей, якія пачынаюць займацца муай-тай непрафесійна, для сябе. Гэта ў тым ліку і дзяўчаты, і людзі старэйшага ўзросту, якія на рынг ніколі не выйдуць, але для фізкультуры і паляпшэння ўласнага самаадчування яны прыходзяць у залу. Тайскі бокс у нас набірае папулярнасць дзень за днём, крок за крокам, становіцца ўсё магутней і магутней», – выказвае аптымізм Віталь Гуркоў.

Дзяніс Ганчарэнка belsat

Фота: Таня Капiтонава, 34mag.net