«Таго, што не дыхаў, выкінулі з аўтазака». Сведчанні ахвяраў гвалту

Пра безліч выпадкаў паслявыбарчага гвалту ведае кожны з нас. Гэтыя падзеі, бясспрэчна, сталі пераломным момантам у гісторыі Беларусі, хоць перамены не наступілі імгненна. Паводле факту забойстваў у выніку паслявыбарчых пратэстаў не распачата ніводнай крымінальнай справы, але існуюць відэадоказы злачынных дзеянняў людзей у форме і балаклавах.

Смяротныя выпадкі старанна хаваюць?

Аляксандр Будніцкі загінуў 11 жніўня побач з менскім універсамам «Рыга», дзе адбываліся жорсткія сілавыя разгоны дэманстрантаў. Хоць праваахоўныя органы адразу ж атрымалі асабістыя звесткі гэтага чалавека, сваякам пра гэта чамусьці не паведамілі, а цела аддалі ў дзень пахавання. Журналісты праграмы «Кожны з нас» трапілі на жалобную цырымонію, дзе брат загінулага паведаміў, што пакет з парэшткамі не раскрывалі, бо адчувалі, што цела ўжо ператварылася ў жэле.

«Хоць і напісалі заяву паводле факту знікнення чалавека, ніводзін аператыўнік ці ўчастковы не прыехаў па месцы жыхарства і нас не дапытаў. Хоць яны ведалі ўсю паднаготную, – разважае Сяргей Боршч, сусед Аляксандра Будніцкага ў менскім інтэрнаце. – Следства ніяк не працавала. Сваякам паведамілі пра смерць Аляксандра толькі тады, калі выпадкам шчыльна заняліся журналісты».

А вось што ў студыі прыгадвае Аляксандр Наскоў, якога брутальна затрымалі 11 жніўня на выхадзе з універсаму «Рыга»:

«У аўтазаку я ў пятым шэрагу зверху ляжаў. Хтосьці знізу пачаў крычаць, што людзі задыхаюцца, а нехта ўжо не рухаецца. Яны пачалі па нас бегаць, раскідаць ў розныя бакі і даставаць чалавека, які не дыхае. Яго проста выкінулі, паклалі каля аўтазака, і куды яго, што – без паняцця».

«Жанчыну згвалцілі міліцэйскай дубінкай»

Апісанні адмысловых збівання і катаванняў дагэтуль шакуюць шараговых беларусаў.

Крысціна Вітушка тры дні правяла ў менскім ізалятары на Акрэсціна. Жанчына ледзь не загінула праз неаказанне медычнай дапамогі.

«Бачыць, хай сабе і краем вока, голым майго мужа на каленях каля сцяны… І потым нас ставяць туды ж на калені, і там кроў і валяюцца прэзерватывы – гэта ўжо было бесчалавечна», – апісвае пабачанае Крысціна.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка паведамляе, што лічба затрыманых пасля выбараў па ўсёй краіне – у межах 7500–8000 чалавек. Пераважная большасць сутыкнулася з нялюдскім стаўленнем. Што датычыць выпадкаў сексуальнага гвалту, то ахвяры пасля перажытага не імкнуцца паведамляць пра падобнае публічна. Вядомы выпадак, калі жанчыну згвалцілі міліцэйскай дубінкай.

«Мы ведаем пра гэты выпадак, ён існуе. Але мы не застаемся ў кантакце з ахвярай. З гэтай ахвярай кантактуюць іншыя людзі», – кажа Сапелка.

Як жывуць беларусы, якія атрымалі калецтвы і цяжкія траўмы?

У межах выдання гучаць гісторыі людзей, якія трапілі літаральна ў эпіцэнтр баявых дзеянняў і якім пашчасціла ацалець. Гэтак, мянчук Зміцер Смаляк атрымаў шэсць пераломаў нагі пасля выбуху нібыта несмяротнай святлошумавой гранаты. Георгій Сайкоўскі ў такой жа сітуацыі страціў частку ступака, а Раман Зайцаў цудам выжыў пасля атакі сілавікоў і дае інтэрв’ю пасля дзясятка аперацыяў у вайсковым шпіталі.

Як дайшло да такога, што тысячы сілавікоў пачалі калечыць сваіх землякоў-беларусаў? Як гэта змяніць, і ці адбудзецца ў Беларусі люстрацыя? Гэта ды іншае ў студыі ток-шоу «Кожны з нас» абмяркоўваюць сведкі здарэнняў апошніх тыдняў (відэа вышэй).

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную сераду а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Да чаго прывядзе рэвалюцыя пад бел-чырвона-белымі колерамі?

Планы Расеі: зрынуць Лукашэнку ці захаваць яго любой цаной?

«Калі дыктатару няма чым плаціць арміі, яна разварочвае штыкі ў ягоны бок»

«Я пабачыла тое, чаго ніколі не чакала ў медыцыне». Што адбываецца за дзвярыма больніцаў?

Не важна, чым скончацца выбары. Самае цікавае пачнецца пасля іх

«Прадай кватэру і на гэтыя грошы купі дзве». Ці варта рызыкаваць падчас крызісу?

Вялікая Айчынная вайна – прапагандысцкі міф ці нагода для гонару?

Рост коштаў, звальненні, галеча. Беларусь чакае вяртанне ў 1990-я