«Сыходзіў не са шпіталю, сыходзіў з сістэмы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта»


У праграме «Беларускі свет» пагаворым з беларускім лекарам – калегам Ірыны Абельскай, якую лічаць маці Колі Лукашэнкі. Даведаемся, навошта ўнікальны спецыяліст звольніўся з працы і што яго з сям’ёй чакала за мяжою.

Аляксей Пяткевіч – эндаскапіст, дзесяць гадоў ён прапрацаваў у Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, дзе галоўным доктарам працуе Ірына Абельская – жанчына, якую называюць маці Колі Лукашэнкі. 14 жніўня Аляксей Пяткевіч напісаў заяву на звальненне. З прычыны палітычнага пераследу разам з сям’ёй быў вымушаны з’ехаць у Вільню.

«Прычына майго сыходу – гэта гвалт у краіне. Я сыходзіў не як лекар з больніцы, я сыходзіў з сістэмы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта», – кажа Аляксей Пяткевіч.

Як на ягонае звальненне адрэагавала галоўная доктарка цэнтру Ірына Абельская?

«Канечне, удзячны ёй, што ўсе гэтыя гады яна мяне падтрымлівала. Яна была зацікаўленая ў развіцці аддзялення, яна паверыла ў мяне, яна пабачыла, што магу нешта зрабіць. За гэта я ёй удзячны. Як аднеслася, калі я прыйшоў звальняцца? Натуральна, негатыўна. Канечне, добрых словаў не было, ясная справа».

У Беларусі пасля звальнення Аляксей Пяткевіч страціў і жыллё – ягонай сямʼі прыйшлося выселіцца са службовай кватэры.

«Я мусіў здаваць службовую кватэру, мяне папрасілі на дзень раней прыйсці. Улічваючы падзеі ў краіне, я насцярожыўся, прыехаў, машыну пакінуў у іншым двары і папрасіў сына прайсціся па двары: ён кажа, што каля пад’езду стаіць бус без нумароў з танаваным шклом. І праз некалькі хвілінаў пад’ехала і міліцэйская машына».

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Ці проста вывучыць літоўскую мову, каб зноў працаваць медыкам у Літве?
  • Якую медычную дапамогу атрымліваюць у Чэхіі беларусы, што пацярпелі ад куляў і святлошумавых гранатаў ды гвалту міліцыянтаў?
  • Як айцішнік праз удзел у мірных акцыях пратэстаў стаў фігурантам крымінальнай справы і вымушаны ўсё пачынаць з нуля ў Львове.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu