Сяргей Пятрухін: Калі б у Берасці было пяцёра такіх як я, насталі б перамены


Сяргей Падсасонны: Як усё пачыналася? Адкуль ідэя стварыць «Народны рэпартэр»?

Сяргей Пятрухін: Аднойчы я на ўласным досведзе зразумеў, што нашыя законы – добрыя, зрэшты, законы – не працуюць. Увогуле. Я прачнуўся зусім іншым чалавекам і вырашыў здымаць відэа пра гэта і выкладваць яго ў інтэрнэт.

Такіх сітуацыяў на Берасцейшчыне шмат?

Законы не працуюць у нас паўсюль – у Мазыры, Смаргоні, Бярозе і Менску. Мая каманда і я – валанцёры, добраахвотныя памочнікі прэзідэнта па барацьбе з карупцыяй. У гэтым сэнсе я яго падтрымліваю.

Лукашэнка ўжо 20 гадоў змагаецца з карупцыяй і ўсё ніяк не можа яе перамагчы.

Так, і я вырашыў яму дапамагчы.

І як у вас атрымоўваецца?

Узбудзілі крымінальную справу…

Супраць вас?

Супраць мяне спрабавалі завесці чатыры справы за паклёп. Не, завялі крымінальную справу на буйнога чыноўніка УДФР КДК Берасцейскай вобласці Генадзя Андрасюка, якому былы кіраўнік гораду спадар Палашэнкаў незаконна – і гэта даказана – даў у цэнтры гораду кавалак зямлі, дзе стаяў дом, у якім жылі людзі, якіх выселілі за кошт гораду.

Справа ўзбуджаная, і цяпер я чакаю 50 базавых – памятаеце, Кабінет міністраў абяцаў, што грамадзяне, якія выявяць карупцыйную схему, атрымаюць 50 б. в. Але грошы грашыма, гэта не самае важнае. Мяне непакоіць больш іншае.

Што?

Памеры карупцыі, якія ў краіне зашкальваюць.

А што самае складанае ў вашае працы?

Злавесная цішыня. Я цяпер пачаў капаць глыбока, чапаць старшыняў гарвыканкамаў, аблвыканкамаў. Адчуваецца, што ў паветры пахне громам і бураю.

Працяг размовы з Сяргеем Пятрухіным глядзіце ў «Гарачым каментары»