Сяргей Навумчык: Сваю ахову Лукашэнка набіраў у Расеі


Па словах дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Навумчыка, аўтара кніг аб найноўшай гісторыі нашае краіны, на пачатку свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка набіраў у Службу бяспекі людзей, якія не мелі адносінаў да Беларусі.

«Адзін высокапастаўлены чалавек сказаў мне, што ў Беларусі ствараюцца структуры, непадкантрольныя ані Савету Міністраў, ані КДБ. Наяўнасць расейскага паходжання была вялікім плюсам», – кажа Сяргей Навумчык.

Напрыканцы красавіка стала вядома аб затрыманні грамадзяніна Расеі Андрэя Уцюрына, былога кіраўніка Службы бяспекі Лукашэнкі і ўжо экс-намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі. Не каментуюць афіцыйныя структуры ані інфармацыі пра затрыманне Уцюрына, якой нібы адбылося яшчэ 29 красавіка. Ані звестак, апублікаваных напярэдадні расейскай агенцыяй «Росбалт», пра тое, што насамрэч аднаго з найбольш набліжаных да кіраўніка Беларусі людзей затрымалі за супрацу з ФСБ, а таксама магчымай датычнасці Уцюрына да выкрытай групы высокапастаўленых сілавікоў, якія нібыта рыхтавалі недапушчэнне пераабрання Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта – ажно да яго фізічнай ліквідацыі.

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў ноч на 1 траўня з’явіўся ўказ Аляксандр Лукашэнкі аб звальненні палкоўніка Андрэя Уцюрына з пасады намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі: маўляў, «за правіны, што дыскрэдытуюць званне вайскоўца». Больш нічога ў дакуменце не тлумачыцца.