Зоры не спяць Святлана Зелянкоўская: «Даводзіцца браць зброю ды ісці наперад»


Часам у «Зорах» я засяроджваюся на падзеі або з’яве, але сёння хачу засяродзіцца на асобе. Тым больш, што гэтую асобу, хоць прафесія і статус у яе абсалютна публічныя, пабачыць у Беларусі можна цяпер не часта. Мае асацыяцыі з гэтай кабетай: ганарлівая ваяўнічка, годная дама родам з ХІХ стагоддзя, дзяўчына з характарам, спартоўка, камсамолка і проста прыгажуня. Дадам, што яна ж – Настасся Слуцкая на экранах і жонка рок-зоркі Сяргея Міхалка. У зорнай студыі акторка Святлана Зелянкоўская.Святлана нарадзілася ў Менску. Скончыла Акадэмію мастацтваў, спецыяльнасць «акторскае мастацтва драматычнага тэатру і кіно». Ужо праз два гады пасля заканчэння атрымала ўзнагароду на прэстыжным тэатральным фестывалі «Белая вежа», потым згуляла галоўную ролю ў гістарычнай драме «Настасся Слуцкая», фільме, які сабраў букет узнагародаў на фестывалях. З 1998 года ў Купалаўскім. Уладальніца Нагруднага знака Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2010). – Святлана, пачну з галоўнага: вы нядаўна з’ехалі ўслед за мужам ва Украіну. Ці знойдзеце вы сябе там творча? – Па-першае, я знайду там сябе разам з мужам – на гэты момант гэта для мяне больш важна. Што да творчасці – я думаю, што творчы чалавек сябе знойдзе… Не скажу, што паўсюль, але ў краінах суседніх – гэта будзе не так цяжка. Тым больш, ва Украіне цяпер такі час, такая атмасфера, якая спрыяе росквіту творчасці, нечага новага, свабоднага, з вольным духам. – Там адчуваецца гэтая атмасфера? – Адчуваецца вельмі. Я прыехала ў Кіеў – і трошкі, вядома, хвалявалася, баялася, але адчула такія крылы, такую свабоду, паветра… Людзі, якія прайшлі праз выпрабаванні і такія значныя падзеі, сталі там больш моцныя, больш добрыя, больш упэўненыя ў сваіх сілах, у годнасці, у тым, што яны могуць нечага дасягнуць. Тут у мяне перспектываў амаль не засталося.– Ну як, а Купалаўскі тэатр?– Тэатр – безумоўна. Але, на жаль, дзяржаўны тэатр заўсёды пад прэсінгам дзяржавы, і таму тое, што адбываецца ў дзяржаве, – яно ж на тэатр і пераносіцца патрошку. Пакуль што – я ў дэкрэтным адпачынку. У мяне ёсць час падумаць, можа, яшчэ адзін дэкрэтны адпачынак з’явіцца…А перамены – гэта як другая маладосць. Цяпер столькі новых праектаў, новых рэжысёраў, і ніхто не будзе мяне ўжо ўспрымаць як бізнесоўку ці як Настассю Слуцкую. Мне можна быць больш выбуховай, больш нечаканай…– А назбіралася імпэту для зменаў?– Назбіралася! Скажу шчыра, што ў тэатры ў мяне былі такія ролі “на разрыў”, яскравыя, моцныя, якія давалі мне адчуванне, што ў тэатры я – больш-менш, але нешта зрабіла. У кіно – былі цікавыя ролі, былі галоўныя ролі. Але той ролі, пра якую б я сказала, што гэта маё сэрца, мая аддача напоўніцу, уся мая глыбіня – такой ролі ў мяне не было яшчэ.– А са «Слуцкай» гэтак не атрымалася?– Ну гэта была роля… больш плакатная. Для школьнікаў такая карціна збольшага – каб паказаць, якая гэта была асоба. Ну і былі, вядома, рамкі сцэнару, рэжысёра, за якія я не магла асабліва выходзіць…– Найлепшыя ролі наперадзе?– Спадзяюся.– Вы ў дэкрэтным адпачынку, чым мяне крышку здзівілі, бо калі я бачыла здымкі вашага з Сяргеем сына Макара – то ён падаваўся ўжо вялікім: то з баянам сядзіць, то за піяніна. Ужо асоба, і асоба творчая. У вас таксама было творчае дзяцінства, вы займаліся, між іншым, у «Госціцы». Базуючыся на гэтым, як вы выхоўваеце дзяцей?– Што да майго дзяцінства – то перадусім тут вялікая падзяка маёй маці. Яна выхоўвала мяне адна, і я – адзіная дачка ў яе, і ўся яе любоў, усе памкненні былі накіраваныя на мяне. Яна хацела дастаць усе мае таленты, спрабавала мяне ў розных галінах, гэта быў і спорт, і шматлікія творчыя колы…– А вы на ўсё пагаджаліся, без бунту?– Ну, неяк так. Мама была для мяне аўтарытэтам, і я слухалася. Хаця былі, канечне, моманты, калі мне нешта не падабалася, або нехта не падабаўся з настаўнікаў, – тады я адмаўлялася. У мяне была такая гісторыя са скрыпкай: калі мой сабака пракусіў мне руку, было вельмі балюча, але я была радая, што затое не пайду больш на скрыпку. І не пайшла. Але ў мяне і так дзве музычныя школы, клас фартэпіяна і гітары, лёгкая атлетыка, у-шу, танцы, хор у Доме піянераў і нарэшце – «Госціца». – Якая ўсё звяла разам?– Так. І накіравала мяне далей у жыцці. Ларыса Іванаўна Сімаковіч, кіраўніца «Госціцы» – другі пасля маці чалавек, які зрабіў вельмі моцны ўклад у маё творчае жыццё. Калі я адчуваю, што мне не хапае нейкага святла ўнутры, – я заўсёды звяртаюся да Ларысы Іванаўны, тэлефаную ёй, і ведаю, што я стану больш цікавая, больш вясёлая, больш светлая.– Цяпер у вас свае дзеткі. Што з таго, што дала вам мама, «Госціца» і Ларыса Іванаўна Сімаковіч, вы перадаяце сваім дзецям?– Перадусім прыклад, які ў сям’і. Атмасфера. Калі дома гучыць музыка, калі нехта спявае, грае на нейкіх музычных інструментах, дзіцёнак, безумоўна, будзе адчуваць цікавасць да гэтага.– Вы спяваеце дома? Разам ці паасобку?– Канечне, спяваем. І разам, і паасобку. Цяпер наш сын засынае дзве гадзіны, і мы спяваем проста ўсё, што можна.– Што менавіта?– Я спяваю беларускія калыханкі, і не толькі калыханкі, спяваю беларускія песні. Пяю песні таты, Сяргея, бо гэта самае галоўнае ў жыцці Макара. І ў нас музыка заўсёды гучыць, бо Сяргей меламан, і мне таксама падабаецца шмат.Але ні ў якім разе не трэба прымушаць. Трэба асцярожна прыглядацца – што яму падабаецца, у якой галіне яму камфортна – можа, гэта будзе ўвогуле спорт. І тут самае галоўнае – каб у яго з’явіўся аўтарытэт. Вось як у мяне з’явілася “Госціца”. Там кожны быў на сваім месцы, кожны быў яскравы, цікавы і адметны. У вас, прыгожай жанчыны, падрастае і прыгожая дачка. Як з ёй складаліся дачыненні, гладка? Не было бунту? Канфлікту мама – дачка?– Ну, я была маладзейшая, калі нарадзілася Аксіння. І шмат часу я тады прысвячала працы. Кар’еры, кіно, тэатру. Яна палову часу праводзіла з бабуляй, палову – са мной, а пасля, калі мы ўжо разышліся з яе татам, яна са мной і з бабуляй засталася, а да таты ездзіла толькі на лета. Таму, можа, я што прапусціла… Не ведаю. Яна вельмі добра спявае, цяпер музычная школа ў яе, а таксама вельмі хоча маляваць. Цяпер яна разам з татам жыве, мы вырашылі, што гэты год яна пажыве і павучыцца разам з татам, пакуль у нас пераезды.Аксінні 15 гадоў, і ёсць, вядома, розныя спрэчкі: “я не хачу”, “я толькі так хачу”, ёсць, канечне, і каханне ўжо першае. Мы ўсе прыслухоўваемся, дапамагаем. І вось тут важна не згубіць любові да дзіцяці. І гэты бунт, які ўзнікае ў пераходным узросце, гасіць толькі любоўю. Вось што было ў нас з Аксінняй, і ёсць – мы з ёй заўсёды былі сяброўкамі. Я ведаю, што яна мне распавядзе. Безумоўна, мне не трэба расказваць усяго – я другое пакаленне, і ўсё ж такі я маці, але што датычыць нейкіх глыбокіх тэмаў, ці нават не глыбокіх,а гумару – то яна заўсёды звяртаецца з гэтым да мяне, а я да яе.Мне таксама цікава, чым жыве цяпер моладзь, што адбываецца, якія яны, сучасныя падлеткі, якую яны музыку слухаюць, якія глядзяць фільмы. Мне гэта дапамагае быць сучаснай акторкай.– Гасіць бунт любоўю і творча падтрымліваць творчых дзяцей – парады ад Святланы Зелянкоўскай – мамы. Але вернемся да Святланы – акторкі. Ці здараліся ў вашым прафесійным жыцці моманты выбару? Моманты кампрамісу? Канфлікту паміж сумленнем і абставінамі?– Былі. Іх было няшмат, і дзякуй богу, я ўтрымалася – у згодзе з сумленнем. Падчас здымкаў “Настассі Слуцкай” былі вельмі цікавыя моманты… Я нават не ведаю, ці распавядаць… Калі да нас прыязджаў прэзідэнт, у нас была такая пастановачная праграма, усё было падрыхтавана не для таго, каб здымаць кіно, а каб паказаць, як мы здымаем кіно. І ў сцэнары сустрэчы прэзідэнта мне была прапісаная роля: мне трэба было пад’ехаць на кані сваім і падараваць кветкі прэзідэнту. І гэтага не адбылося!Нада мной стаялі ўсе, хто мог: і міністр культуры, і намміністра, і рэжысёр…– І ўсе яны прасілі – зрабі гэта?– Так!– Які жах. Вы проста адмовіліся?– Я адмовілася. Я сядзела, заплюшчыла вочы і казала: не, я не буду гэтага рабіць. Не. Не ведаю як, але вытрымала.– Простыя беларускія героі – вось яны… Я разумею так, што ў вас ёсць у характары гэтая стойкасць і моц. Магчыма, гэта можа мець карані ў спорце, якім вы не толькі займаліся, але і былі сур’ёзным фанатам спорту. Вы моцны чалавек?– Ну калі вакол не хапае моцных мужчынаў-ваяроў, даводзіцца, як Настассі Слуцкай, браць зброю ды ісці наперад. Не, я бываю насамрэч і жаноцкай, і мяккай, і, дарэчы, у кіно хочацца гэта паказваць, хочацца быць рознай. Але… Так, напэўна, спорт, і абставіны жыцця, выхаванне. Выхаванне ў “Госціцы”. Проста ёсць нейкія прынцыпы, супраць якіх я ніколі не пайду, ёсць нейкая вера, ёсць годнасць. І заўсёды трэба трымацца свайго сэрца, сваіх поглядаў, сваіх прынцыпаў веры. Неяк гэта выхавалася, і мне цяжка ісці супраць іх.Ці моцная я? Любы моцны чалавек, безумоўна, баіцца – бываюць такія моманты. Я ведаю, што Сяргей – моцны. Але і ў яго ёсць слабыя моманты. Галоўнае, як моц праяўляецца – гэта якім чынам ты змагаешся са сваім страхам, са сваёй панікай. Што ты далей робіш, твае ўчынкі. Бо страх ёсць ва ўсіх.Гурт “Брута”, створаны пасля распаду гурта “Ляпіс Трубяцкі”, вызнае філасофію, дзе вялікую ролю граюць традыцыйныя каштоўнасці: сям’я, здароўе і самавыхаванне.– Гэта неяк адбіваецца на прыватным жыцці, і на вашым супольным ужо жыцці?– Безумоўна.– Ёга раніцамі?– Не, не ёга. У нас бокс… Зараз ужо хваліць буду. Сяргей калі кажа – то гэта абсалютна максімальна шчыра, і гэта частка ягонага жыцця. Мне здаецца, што згуляць ролю змагара і чалавека, які заўсёды кажа пра свае каштоўнасці, вельмі цяжка. Можна гуляць нейкі час, але ўсё роўна гэта ўсё раскрываецца і ўсё відаць, хто насамрэч вызнае якія каштоўнасці. Цяпер, на шчасце, ён знайшоў тых аднадумцаў, тых людзей, якія падзяляюць ягоныя погляды, і кожны з удзельнікаў “Брута” заслугоўвае той увагі і павагі, якая скіраваная на Сяргея. Так, Сяргей лідар, але ўсё роўна – гэта моцная каманда, згустак людзей, якія ствараюць разам усё тое, што мы бачым пазней на канцэртах.– І вы сярод іх, як лілея між кактусаў. Вы часам ездзіце з «Брута» ў паездкі. Чым рок-музыкі адрозніваюцца ад актораў – яны больш брутальныя?– Ёсць падабенства. Але тэатр, як мне здаецца, гэта згуртаванне розных людзей, аб’яднаных прафесіяй. А тут сабраліся людзі, якія аб’яднаныя ідэяй, яны займаюцца рок-панк-музыкай.– Вам блізкай?– Мне вельмі блізкай. Мне гурт «Брута» больш падабаецца за «Ляпіс Трубяцкі».– Дык вось адкуль вашае жаданне змяніць нешта ў кар’еры! Вы ўзаемна натхняецеся. Пра ўзаемнае: мы ў зорнай студыі не раз ужо разважалі пра шчаслівыя пары. Як ужываюцца двое творцаў, казаў тут шмат хто, і асноўная выснова – даваць адно адному прастору. Гэтак робяць Стас і Дзіяна Трыфанавы, зоркі Опернага, гэтак раяць рабіць Глобус і Адамчык. У вас ёсць свае парады і спецыфіка жыцця з рок-зоркаю?– Патрэбныя шчырасць і давер. А яшчэ – вельмі важнае ўзаемнае захапленне адно адным. Вядома, бываюць моманты, калі нешта не падабаецца, гэта ва ўсіх бывае, а асабліва, калі людзі падоўгу жывуць разам. Бываюць і слабыя месцы. Але вера ў чалавека, і тое каханне, якое калісьці ж было, калі ты гэтага не губляеш, а гадуеш, то гэта дапамагае чалавеку быць яшчэ больш цікавым, таленавітым, яскравым. Я ведаю, што тыя крылы, якія з’явіліся ў мяне, і крылы, якія з’явіліся ў Сяргея, – гэта вынік нашага захаплення. Калі на цябе глядзяць вочы, поўныя любові, кахання, то хочацца нешта для гэтага чалавека зрабіць, каб ён ганарыўся табою.– Вы абодва творцы. І вы толькі захапляецеся, ці крытыка таксама мае месца?– Крытыка ёсць, але мяккая. Усё роўна мы абодва рухаемся кожны ў сваім кірунку, ён – у бок рок-музыкі, я – у бок тэатру. Ёсць моманты, дзе мы адно адному можам дапамагчы. Напрыклад, я яму з мовай, ён мне для тэатру нешта падказаць. Ён выдатны актор з шыкоўным пачуццём гумару, вельмі арганічны ў кадры, і ён, дарэчы, скончыў рэжысуру, чытаў Міхоэлса, Станіслаўскага.– Можа, мы дачакаемся некалі паўстання міні-тэатру ад вашай сям’і?– Гэта было б цудоўна. Музычны такі тэатрык з рэжысураю Міхалка.– Міністр культуры Украіны абяцаў стварыць Міхалку выдатныя ўмовы для творчасці. Споўніў абяцанне?– Пакуль што Сяргей атрымаў від на жыхарства, хутка будзе і ў мяне. Яны могуць граць спакойна, ездзяць, ім даюць пляцоўкі. Там цяпер цяжкое становішча, але як могуць, яны дапамагаюць.– Ці змянілі вы штосьці ў сваім іміджы, калі Сяргей стаў зоркаю? – А мы пазнаёміліся, калі Сяргей ужо быў зоркаю. Вось нядаўна ў нас была гадавіна, мы пазнаёміліся восем гадоў таму, і гэта быў ужо пік, ён тады сам ужо змяніўся, і ўжо тады быў зоркай. І як моцны чалавек, ён, вядома, мае на мяне ўплыў, і ў стылі я яму вельмі ўдзячная – я вельмі змянілася, даведалася, што мне пасуе.– Раіць?– Не толькі раіць. Ён ведае ўсе мае памеры, і заўжды сам купляе, ён ведае мае памеры красовак у розных крамах. У яго вельмі добры густ, і калі мы ідзем на шопінг, для мяне гэта свята. Я ведаю дакладна, што мне будзе цікава і прыемна.– Вы сярод моцных мужчынаў Беларусі назвалі Сяргея Міхалка і Міколу Статкевіча. Болей няма?– Не, безумоўна, ёсць. Ёсць Саннікаў, ёсць Някляеў, ёсць Лявон Вольскі. Ёсць людзі не такія вядомыя, але я ведаю, што яны моцныя. Моцны мужчына бярэ на сябе адказнасць. У экстрэмальных сітуацыях ён паводзіцца годна, ён абірае шлях ісці за сумленнем, ён нонканфарміст, ён робіць смелыя ўчынкі нягледзячы на абставіны. І такія людзі ёсць сярод маіх сяброў. Проста краіна ў такім становішчы, што многія моцныя мужчыны з’язджаюць.– І кабеты… часам. Чытаючы пра вас, даведалася, што паступаць у Тэатральную акадэмію вы прыйшлі з тэкстам уласнага сачынення пра дзяўчыну-прыдумляльніцу, прычым напісаным па-беларуску. Што для вас значыць Беларусь? Чаго вам будзе не хапаць і з чым вы ніколі не пагодзіцеся і будзеце змагацца?– Адзіная складанасць, якая ў мяне цяпер ва Украіне, – гэта мова. Не ведаю, чаму, але неяк цяжка прыстасавацца і вывучыць украінскую мову. Мне прасцей было з польскай, і ангельская была ў школе. А ўкраінская – здавалася б, падобная, зусім побач, а іншая. Сваю мову я вельмі люблю, я пачуваюся ўпэўнена, калі размаўляю на ёй, адчуваю, што гэта сваё, роднае. Безумоўна, калі я буду жыць ва Украіне, я абавязаная вывучыць украінскую, я лічу гэта неабходным, гэта пашана да культуры. Але мне будзе не хапаць вельмі маёй мовы, маёй культуры, бо я, напэўна, не змагу цяпер гэтак шчыльна і пранікнёна захапіцца культурай Украіны. Калі я трапіла ў «Госціцу», закахалася ў спевы беларускія, у краіну, у гісторыю. І калі я даведалася болей, палюбіла па-сапраўднаму. Як гэта бывае і з людзьмі: сапраўднае каханне – гэта калі глыбока. Канечне, я шаную Украіну. Але радзіма і мова – гэта душа. Якую не выкрасліш. А з чым я ніколі не пагаджуся, гэта калі маю краіну абражаюць, зневажаюць. Калі цынічна выкрэсліваюць з гісторыі. У мяне былі выпадкі, калі я працавала ў Расеі: сустракалася з акторамі ды была вельмі непрыемна здзіўленая, калі яны пачыналі абразліва ставіцца да маёй краіны, кажучы, што нашая мова – гэта скалечаная расейская. Я нават не спрачалася спачатку. Я адкрыла рот і не ведала, што сказаць – чалавеку, актору, які вывучаў гісторыю, культуру, эстэтыку, які павінен быць інтэлігентам, павінен ведаць, што трэба паважаць кожную незалежную культуру і краіну. Я ніколі не пагаджуся, калі будуць грэбліва ставіцца да маёй краіны. Я заўсёды буду змагацца за тое, каб яе паважалі. Рознымі дзеяннямі, і не толькі словамі. Даносіць спевы, казаць, што я беларуска. Бо нават калі я буду прафесійна працаваць ва Украіне, буду падкрэсліваць, што я беларуская акторка, проста здымаюся ў кіно ва Украіне.Гутарыла Вольга Гардзейчык

Глядзі таксама
Каментары