Святлана Курс пра аборты: Калі ў чалавека няма паловы галавы, ягоная маці пахаваная жыўцом


Акцыя «Тыдзень без абортаў» у нашай краіне хоць і распачалася яшчэ 10 кастрычніка, аднак праходзіць неяк незаўважна. Гарачых дыскусіяў як у выпадку з пратэстамі ў суседняй Польшчы, выкліканых заканадаўчай ініцыятывай пра куды больш жорсткі падыход да спаронаў, гэтым разам чамусьці няма. Ці то ўсё ўжо абмеркавалі, ці то ў нашай краіне асабліва і не паабмяркоўваеш.

У межах акцыі, абвешчанай уладамі, па ўсёй Беларусі да 16 кастрычніка аборты папросту не здзяйсняюцца – за рэдкімі выняткамі, якія робяць паводле медычных паказанняў: калі цяжарнасць пагражае жыццю жанчыны альбо ў выпадку генетычных хібаў развіцця плоду. Агулам жа па краіне эксперты гавораць пра сярэднееўрапейскія паказнікі, а таксама сведчаць, што колькасць спаронаў у Беларусі няўхільна скарачаецца.

Журналістка, літаратарка Святлана Курс заўважыла: калі правы эмбрыёна лічацца важнейшымі за правы жанчыны – узнікае вялікае праблема, бо існуе магчымасць злоўжыванняў.

«Прабачце, тыя людзі, якія за тое, каб любы зародак захаваўся, ці бачылі, як жывуць маткі потым. Калі ў чалавека няма стрававода або паловы галавы, калі чалавек ніколі не выйдзе з ідыятыі, матка аказваецца пахаваная з ім жыўцом. Калі чалавек увогуле не можа варушыцца і толькі ляжыць з раскрытым ротам усё жыццё, матка пахаваная з ім жыўцом, а ён аказваецца ў цямніцы ўласнага цела», – падкрэсліла спадарыня Курс.

Прадстаўніца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова адзначыла, што дзяржава мусіць падтрымліваць інвалідаў, бо ў нашай дзяржаве такіх людзей ізалююць.

«Я лічу, што дзяржава павінна ў гэтым кірунку рухацца і ствараць умовы, каб гэтыя людзі адчувалі сябе такімі ж грамадзянамі, як і астатнія беларусы», – адзначыла спадарыня Кавалькова.

На думку актывісткі, у грамадстве мусіць быць дыскусія на тэму абортаў, каб гэтую тэму можна было свабодна абмяркоўваць і асвятляць праз медыі.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu