Святлана Калінкіна: «Пакатушкі» Лукашэнкі на байку – нейкая азіятчына


Журналістка «Белсату» падлічыла, у колькі абыходзіцца бюджэту паездка кіраўніка Беларусі на матацыкле.

Паводле яе разлікаў, толькі аплата паслугаў міліцыі падчас заезду кіраўніка краіны, магла каштаваць больш за $ 26 тыс.

«Выйшла ў краму з дому і ўбачыла процьму гэтых людзей, якія з рацыямі і навушнікамі проста стаяць і чакаюць, як ён праедзе на матацыкле літаральна 2-3 хвіліны. А яны стаялі гадзінамі. І я ўзгадала, што аплата міліцыі – нятанная для актывістаў, для ўсіх, хто праводзіць масавыя акцыі. Вось і вырашыла падлічыць, колькі ж такі эфектны выезд каштаваў. Выйшла нямала», – кажа Святлана Калінкіна.

Журналістку абурыла гэтая самая процьма людзей, якая «нібыта нешта і некага ахоўвае»:

«Ахоўваюць уваходы ў двары, выхады з двароў і гэтак далей. Здзіўляе ўвогуле колькасць людзей, якія ў нашай краіне атрымоўваюць заробак, але занятыя яны няведама чым. Захацеў Лукашэнка праехацца на матацыкле – хай бы ехаў! Не трэба было нікому казаць, сеў ды едзь у любы бок! Ніхто не будзе ведаць, што гэта за матацыкліст.

Дык не ж – трэба было перакрыць горад, на чале калоны з 3 тыс. матацыклаў ехаць самому ды з сынамі, унукамі і з усімі на свеце. Гэта проста так выклік, нейкая азіятчына. Гэта, на мой погляд, непавага да беларусаў і да людзей.

Святлана Калінкіна параўнала паводзіны Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі ЗША:

«Я не раз бачыла, як едуць кіраўнікі ЗША, калі яны прыляталі ў Вільню, у Варшаву. Не перакрываецца на паўдня горад, не перакрываюцца цэнтральныя праспекты. Гэта займае няшмат часу, і прыязджаюць яны па справах. А не проста нейкім чынам праехацца, пагуляцца і гэтак далей. А ў нас быў сямейны выезд выходнага дня, а ў выніку паралізавалі на паўдня ўвесь горад і задзейнічалі ўсе сілы міліцыі. А хто будзе за гэта плаціць? Канешне, мы з вамі! Лукашэнка за гэта плаціць не будзе».