Святлана Алексіевіч: Нас будуць знішчаць па аднаму


Напярэдадні стала вядома, што галоўнай рэдактарцы парталу Tut.by Марыне Золатавай выставілі абвінавачанне па гэтак званай «справе БелТА». Марына Золатава каментуе:

«Тое, што ўсім удзельнікам справы БелТА выстаўленыя абвінавачанні азначае, што справа набліжаецца да завяршэння. Якім яно будзе – пакуль прагназаваць складана, думаю, на працягу найбліжэйшага тыдня мы пра гэта даведаемся».

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч падтрымала журналістаў, якіх абвінавачваюць па крымінальнай «справе БелТА». Выказванне пісьменніцы апублікавалі на сайце БАЖ:

«На жаль нашая супольнасць журналістаў не стала ў абарону, як гэта сталася б, напрыклад, ва Украіне, як гэта сталася б у Прыбалтыцы, а ўжо я не гавару пра іншыя развітыя краіны. Нас будуць знішчаць па аднаму. А грамадства не становіцца ў абарону, разумеючы, што гэты суд, які вяршыцца, прайграе не Марына Золатава, не Зісер, не Tut.by, мы ўсе там прайграем. Кожны з нас павінен крычаць, галасіць: людзі, прыйдуць хутка і за вамі! Вы не думайце, што гэта прыйшлі за Марынай Золатавай. Можа так людзі прачнуцца?»

Фота: Tut.by