Сварка з Мексікай, падтрыманне з Лондану: Тыдзень Трампа на пасадзе


За сем дзён у якасці прэзідэнта ЗША, Доналд Трамп паспеў пасварыцца з суседняй краінай, знайсці падтрыманне ў Вялікай Брытаніі і даць надзею Крамлю.

Брытанская прэм’ер-міністр Тэрыса Мэй стала першым замежным палітыкам, які афіцыйна наведаў ЗША пасля інаўгурацыі Доналда Трампа. Мэй выступіла з прамовай на з’ездзе Рэспубліканскай партыі Злучаных Штатаў у Філадэльфіі:

«Мы зноў шукаем упэўненасці разам: вы аднаўляеце нацыю, таксама як і мы аднаўляем сваю, – заявіла брытанская прэмʼер. – І ў нас ёсць магчымасці, я б нават сказала адказнасць, аднавіць і нашыя выключныя адносіны ў гэты новы час. У нас ёсць магчымасць зноўку выйсці ў лідары. У свеце зараз надышлі часы зменаў. Мы можам рэагаваць на гэтыя змены як пасіўныя гледачы, а можам скарыстаць шанец, яшчэ раз, і лідараваць. Лідараваць разам».

Брытанская лідарка ўсімі сваймі заявамі дала зразумець новай адміністрацыі Белага дому, што ўрад туманнага Альбіёну мае вялікія надзеі на будучыню двухбаковых адносінаў.

«Я з нецярплівасцю чакаю размоваў з прэзідэнтам Доналдам Трампам і ягонай адміністрацыяй у бліжэйшыя месяцы наконт новай двухбаковай дамовы аб свабодным гандлі. Мы вітаем вашую адкрытасць па гэтым пытанні і спадзяемся што новая глабальная Брытанія, пасля Брэкзіту будзе яшчэ лепш прыгатаваная да таго каб упэўнена заняць сваё месца ў свеце», – сказала Тэрыса Мэй.

Мэй паспрабавала залагодзіць нават спрэчнае для ейнага кабінету пытанне стасункаў з Расеяй, сказаўшы, што адносіны з Масквой варта наладжваць, але пры гэтым быць напагатове. Гэтыя словы прагучалі амаль адначасова з інфармацыяй з Крамля аб тым, што заўтра адбудзецца першая тэлефонная размова паміж амерыканскім і расейскім прэзідэнтамі. Што праўда, наладжваць добрыя адносіны новай адміністрацыі Белага Дому атрымліваецца не з усімі. Гэтак мексіканскі прэзідэнт пасля рашэння Трампа пабудаваць плот на мяжы двух краінаў абвесціў, што адмяняе свой візіт у ЗША.

Жыхары Мексікі лічаць, што Трамп паставіўся да іх непаважліва, і падтрымліваюць рашэнне свайго прэзідэнта адмяніць запланаваны візіт у ЗША.

«Усё што кажа Трамп, што ён хоча будаваць мур, што ён хоча выкінуць нас з дамовы аб свабодным гандлі, патрабуе нашай рэакцыі, – кажа адна з апытаных журналістамі мексіканак. – Мы мусім сказаць што тое што ён робіць – няправільна».

Праз пазіцыю новага амерыканскага прэзідэнта псуюцца адносіны не толькі з суседзямі, але і з іншымі саюзнікамі па ўсім свеце. Літва ды Польшча адмовіліся ад ідэі стварэння патаемных турмаў ЦРУ на сваёй тэрыторыі, пасля заявы Доналда Трампа аб дапушчальнасці катаванняў у дачыненні да падазраваных у тэрарызме асобаў.

«Катаванні людзей не магчымыя ні згодна з міжнародным правам, ні з кодэксам паводзінаў, проста ніяк. Ні з юрыдычнага ні з маральнага пункту гледжання. Я не ведаю нават што тут яшчэ дадаць», – кажа міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкавічус.

Такога ж меркавання і прэм’ер-міністр Польшчы.

«Мой адказ кароткі: не!», – заявіла Бэата Шыдла.

Адчулі эфекты новае вонкавай палітыкі ЗША і ў самой краіне. Ірана-амерыканскія прадстаўнікі бізнесу ўжо кажуць пра негатыўны ўплыў новай візавай палітыкі, прынятай Доналдам Трампам. Іранскія кліенты амерыканскага бізнесу маюць складанасці з атрыманнем візаў, што прыводзіць да стратаў кампаніяў у самых Злучаных Штатах.

Ігар Кулей; фота: Joshua Roberts / Reuters