«Свабодны тэатр»: Жыццё і каханне смяротна хворай


Прага да жыцця ды пошукі кахання ва ўмовах, калі гэта немагчыма. У Менску адбылася прэм’ера спектаклю «Дэжэўю» рэжысёра альтэрнатыўнага тэатру Уладзіміра Шчэрбаня.

Беларускі свабодны тэатр прапанаваў гасцям паглядзець на свет вачыма самотнай вясковай жанчыны, якая хварэе на анкалагічнае захворванне.

Дзённікі, вершы, плакаты з выявамі любімых актораў. З інтымным светам галоўнай гераіні Каці знаёміць гледача драматург Вольга Прусак. Гэта першая пастаноўка ейнай п’есы.

«Гэта зборны персанаж. Часткова гэта маё альтэр-эга, мае зборныя фантазіі, часткова – сапраўды, людзі рэальныя», – кажа драматург Вольга Прусак.

Каця акружае сябе яскравымі рэчамі ды жыве напоўніцу. Яна не знаходзіць паразумення ў соцыуме, падаецца дзівачкаю і ў пошуках цеплыні часта сутыкаецца з гвалтам.

Галоўная гераіня ведае, што памірае, але нікому пра гэта не кажа. Яна не разлічвае на падтрыманне «сацыяльнай» дзяржавы. Сам-насам змагаецца з мужчынам-пачвараю ды ўласнаю хваробай.

«Вось як людзі ў глыбінцы, якія хварэюць на рак, а анкалогія дастаткова распаўсюджана ў нашай краіне, як яны хварэюць на анкалогію і як яны паміраюць? Вось мы пра гэта кажам», – кажа акторка Яна Русакевіч.

Прэм’ера «Дэжэўю» сабрала поўную залу гасцей у патаемным, імправізаваным тэатры на водшыбе Менску. У гэтай жа зале, адкрытай для знаёмых і цікаўных, спектакль пакажуць і надалей.

Таццяна Уласенка, Марына Вашкевіч belsat.eu