Супрацоўнік «Беларуськалію»: Тэхніка бяспекі ў шахтах – на дзясятым месцы


У Салігорску пахавалі загінулых гарнякоў Максіма Іванова і Дзмітрыя Валькова. Яны загінулі ў шахце «Беларуськалія» 9 сакавіка. Паводле пракурора Менскай вобласці Алега Лаўрухіна, у тым падземным горным участку было перавышэнне ўтрымання газу на 6–7 %.

Cупрацоўнік прадпрыемства, грамадскі актывіст Аляксандр Малочка лічыць, што ўсё будзе спісана на няшчасных шахтараў.

«У краіне цяжкая эканамічная сітуацыя. Каб выканаць план, на прадпрыемстве неаднаразова парушалася тэхніка бяспекі. Але калі мова вядзецца пра выкананне плану, каб прадаць угнаенне і атрымаць за яе валюту, – тэхніка бяспекі стаіць на дзясятым месцы», – кажа Аляксандр Малочка.

«На салігорскіх форумах людзі пачынаюць пісаць у каментарах, што рабочыя пачынаюць працаваць паводле нейкага новага эксперыментальнага метаду, які быў распрацаваны намеснікам гендырэктара «Беларуськалію». Яны палезлі туды, дзе здабывалі руду ў 80-х гадах. Такога раней не было – каб займаліся адпрацаванымі месцамі. Чаму туды пагналі людзей – невядома, меркаваць аб гэтым мне цяжка. У гэтых адпрацаваных шахтах ёсць вялікая імавернасць вялікага назапашвання газу», – кажа Малочка.

Наш суразмоўца мяркуе, што метад будзе працаваць і далей.

Поўную размову глядзіце ў «Гарачым каментары». Фота – Sergei Medvedev/TASS