Супраць чаго гатовыя баставаць салігорскія шахцёры?


Нечаканая навіна з самага заможнага гораду Беларусі: гатовыя пратэставаць гарнякі і мантажнікі. Чым незадаволены працоўныя і як далей будуць разгортвацца падзеі? На гэтыя ды іншыя пытанні вядучая праграмы «Размова дня» Святлана Калінкіна шукала адказы разам са старшынёй Беларускага Незалежнага Прафсаюзу Мікалаем Зіміным.

Мікалай Зімін тлумачыць, што праблемы пачаліся падчас рэарганізацыі «Беларуськалія». Больш за 400 чалавек – чальцоў Беларускага Незалежнага Прафсаюзу сталі супрацоўнікамі даччынага прадпрыемства. Калі скончылася старая калектыўная дамова, заключаная яшчэ з «Беларуськаліем», кіраўнік новага прадпрыемства не пажадаў працаваць з БНП. Адзін бок спрабуе стварыць першасную прафсаюзную арганізацыю, другі робіць усё, каб гэтага не адбылося. Сітуацыя нестабільная – працоўныя падалі адразу сем заявак на правядзенне пікетаў. Ці значыць гэта, што можа здарыцца вялікі пратэст?

«Пакуль прадпрыемства працуе стабільна і высокі заробак, вядома, ад добрага ніхто не хоча, так бы мовіць, адштурхнуцца. Таму казаць, што пойдуць кудысьці там шахцёры або нехта там… Пры пэўным збегу абставінаў – цалкам магчыма. Вопыт ёсць. Ёсць і людзі ёсць яшчэ жывыя. Таму я думаю, застанецца толькі арганізаваць мерапрыемства. Калі сапраўды будзе такая сітуацыя, складзецца. А проста так, вядома, на Менск нейкі, на марш кагосьці проста не прыцягнеш», – патлумачыў Мікалай Зімін.

Прафсаюзны лідар адзначыў, што сёння ўсё цяжэй змагацца за права працоўных. Чаму новы Працоўны Кодэкс можа стаць самым горшым у свеце, хто з дэпутатаў паабяцаў змагацца супраць зменаў у заканадаўстве і ці задавальняюць салігорскіх шахцёраў іх заробкі? Глядзіце ў праграме «Размова дня» са Святланай Калінкінай і лідарам Беларускага Незалежнага Прафсаюзу Мікалаем Зіміным.

belsat.eu