Судовае рашэнне ператварыла жыццё дзіцяці ў пекла




Судовае рашэнне, прынятае насуперак пажаданням дзіцяці, можа паламаць не толькі ягоную псіхіку, але і лёс.

«Вот мчится вдаль машина, а марка его МАЗ. Его построил папа, а папа в этом ас».

Гэты верш дзевяцігадовы Ігнат склаў для свайго таты Змітра Шымановіча на Дзень машынабудаўніка. Пасля разводу бацькоў, з 2013 года, хлопчык жыве з бацькам і старэйшаю сястрою Карынаю. А вось мара паехаць разам да цёплага мора для сям’і Шымановічаў пакуль недасягальная.

Карына, якой на момант разводу было 12 гадоў, самастойна абрала жыць з бацькам. Таго ж хацеў і Ігнат. Але яму на той момант было пяць гадоў, таму суд не ўлічыў ягонай волі, прыняўшы рашэнне пакінуць хлопчыка з маці. Бацька гэтае рашэнне абскардзіў.

Праграма «Маю права» сочыць за гэтаю сітуацыяй ужо амаль чатыры гады. За гэты час былыя сужэнцы напісалі шмат заяваў ва ўсе магчымыя інстанцыі, ідуць бясконцыя судовыя паседжанні. Адбываліся і іншыя непрыемныя рэчы.

«24 траўня 2018 недзе а 13:10 мы з Ігнатам ішлі ў школу. Ззаду мяне схапіў нейкі мужык, скруціў рукі і адразу да дрэва мяне. Я ўдарылася аб дрэва», – распавядае бабуля Ігната Людміла Мытніцкая.

Унук спадарыні Людмілы дадае, што паспрабаваў збегчы, але яго дагналі і запіхнулі ў машыну. Выкраданнем гэта не прызналі, бо маці, паводле суда, мае права, каб хлопец жыў з ёю. Ігнат тады пражыў у маці чатыры месяцы.

«Я казаў ёй: адвязі мяне да таты. Яна казала «не». І ўвесь час груба. Тата прыехаў і забраў мяне», – кажа хлопчык.

Цяпер маці спрабуе вярнуць Ігната праз судовых выканаўцаў. І калі хлопец не пагодзіцца ісці да яе, то яго маюць права прымусіць, і гэта законна. Цімафей Лыскоўскі, інспектар у справах няпоўнагадовых Мачулішчанскага РАУСу спадзяецца, што да гэтага не дойдзе.

«Я спадзяюся, што ўсё развяжацца мірным шляхам, без канфлікту. Мы будзем намагацца ўгаварыць дзіця. Напэўна, і маці будзе ўгаворваць», – гаворыць інспектар.

Маці Ігната разам з судовымі выканаўцамі ды прадстаўнікамі камісіі ў справах няпоўнагадовых, пабачыўшы журналістаў, адмовілася заходзіць у кватэру Шымановічаў і каментаваць сітуацыю. Гэтым разам судовыя выканаўцы сышлі без Ігната, але абяцалі ў хуткім часе вярнуцца. А ў яго толькі адзінае жаданне:

«Я хачу, каб яны адчапіліся ад нас усіх. І слухалі меркаванне дзіцяці».

У Леаніда Скарабагатага з грамадскай арганізацыі «Добрая воля» мы запыталіся: ці можа дзіця самастойна абраць, з кім з застацца пры разводзе?

«Тэарэтычна дзяцёнак з любога ўзросту можа выказваць сваё меркаванне. З дзесяцігадовага ўзросту суд абавязаны даведацца пра гэтае меркаванне. Але суд не абавязаны, скажам так, прымаць рашэнне ў адпаведнасці з меркаваннем дзіцяці», – тлумачыць Скарабагаты.

Спадар Скарабагаты параіў бацькам, якія не згодныя з рашэннем суда, наступныя крокі:

«Збіраць новыя даведкі, збіраць новыя доказы і прадстаўляць іх суду. Ёсць такая магчымасць – зрабіць заключэнне псіхалагічнай экспертызы, якая зробіць такое даследаванне, дзе гэтаму дзіцяці будзе сапраўды лепей. І з вынікамі гэтай экспертызы зноў жа ісці ў суд».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Справа шматдзетнай сям’і з Эйгердаў зрушылася
  • Беларусы – пра сямейныя каштоўнасці
  • Менчукі змагаюцца з наступствамі надбудовы мансарды
  • Героі нашых сюжэтаў дзеляцца з намі добрымі навінамі

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.