Студэнтку запрасілі на размову ў інстытут, а пасля гэтага напалі незнаёмцы і нацягнулі на галаву чорны мех


Студэнтку Надзею Пагадаеву ў сярэдзіне кастрычніка выклікалі ў адміністрацыю Экалагічнага інстытуту імя Сахарава.

«У той дзень я не мусіла быць у інстытуце. Адміністрацыя ведала пра гэта, але мяне тэрмінова выклікаў да сябе намеснік дырэктара, каб я ўласнаруч напісала свой адрас, каб мне даслалі адказ на зварот студэнтаў, пад якім я збірала подпісы», – распавяла Надзея Пагадаева.

У звароце маладзёны заклікалі не адлічаць студэнтаў за выказванне грамадзянскай пазіцыі. Пасля размовы з намеснікам дырэктара Надзея накіравалася ў бок метро. Раптоўна на яе наляцелі двое незнаёмцаў.

«Адзін з іх ухапіўся за мой тэлефон. Нехта з іх казаў: «Добры дзень, Надзя!» За наступныя некалькі секундаў мяне зацягнулі ў аўта», – згадала студэнтка.

Мaю прaвa
Выкладчыкаў звальняюць. Студэнты ўзмацняюць пратэсты
2020.10.30 19:05

Хто яны і чаму яе схапілі, незнаёмцы не патлумачылі. У аўце Надзеі на галаву надзелі чорны мех, а на руках замкнулі кайданкі.

«Мяне паклалі спінаю на калені мужчынаў, якія мяне затрымалі. Рукі ляжалі ў мяне на грудзі. Адзін з незнаёмцаў трымаў мае рукі, напэўна, каб я не сцягнула меха з галавы», – расказала дзяўчына.

Куды Надзею павезлі, ёй таксама не паведамілі. Яе адвакатка выказала думку, што ў КДБ.

«Там мяне доўга вялі. У выніку я апынулася ў нейкім пакоі, пасадзілі на крэсла, знялі кайданкі. Калі выйшлі тыя, хто мяне вёў, знялі мех з галавы», – заўважыла Надзея Пагадаева.

Мaю прaвa
Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі
2020.09.18 20:05

Студэнтку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 11-га кастрычніка.

«Паказалі мне фотаздымкі і відэазапіс, які, хутчэй за ўсё, рабілі людзі ў цывільным. Казалі: «Вось, гэта ты. Зараз напішаш паперку, што ты там была», – адзначыла затрыманая.

Дзяўчыну адвезлі ў пастарунак, а затым і ў ізалятар на Акрэсціна. Суд, які адбыўся неўзабаве, абвесціў пастанову: 12 дзён арышту. Адбывала пакаранне Надзея ў жодзінскім ізалятары. Ірына Пагадаева, маці Надзеі, пасля выкрадання амаль содні не ведала, дзе дачка.

«Калі ўжо ведалі, што яна ў турме, што суда ў выходныя не будзе, што яна застанецца без зубной шчоткі, паехалі, намагаліся хоць што-небудзь перадаць. У нас нічога не ўзялі. Такое адчуванне, што перабываеш у Залюстэр’і, і трэба перайсці на той бок, каб усё стала на свае месцы», – распавяла спадарыня Ірына.

Мaю прaвa
«У мяне быў шок, калі я ўбачыў сваю нагу!» Сілавікі моцна скалечылі маладзёна
2020.11.06 18:35

Надзея Пагадаева мяркуе, што ейнае выкраданне звязанае з актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй:

«Магчыма, яшчэ і таму, што мае фота былі на «Белсаце» і TUT.by. Асаблівую папулярнасць набыў здымак з Жаночага маршу, дзе я гляджу ў вочы сілавіку».

Гары Паганяйла з Беларускага Хельсінкскага камітэту кажа, што ягоныя калегі прыцягваюць увагу міжнароднай супольнасці да падзеяў у нашай краіне.

«Мех на галаву, пасадка ў нейкае аўта, катанне па горадзе, па невядомых установах, «душэўныя» размовы, прыніжэнне, абразы, нетактоўныя паводзіны, тым больш у дачыненні маладой дзяўчыны. Гэта не дазваляльна ні мужчынам, ні тым больш асобам, якія ўвасабляюць уладу», – заўважыў юрыст.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • З Металургічнага заводу звальняюць за падтрыманне страйку.
  • Жыхар Кобрына дамагаецца ўзбуджэння справы за непраўдзівыя сведчанні.
  • У Маларыцкім раёне арэндная хата не пасуе для дзяцей.

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.