«Сцяпаныч». Першы незалежны YouTube-серыял пра беларускую міліцыю! Прэм'ера 1 чэрвеня


Дзве беларускія арганізацыі «Прававая ініцыятыва» і «Дзея» аб’ядналіся дзеля абсалютна незвычайнага праекту. Прыцягваць увагу да праблемы парушэння правоў чалавека яны вырашылі… серыялам пра міліцыю, а дакладней нібыта расейскую паліцыю.

У 10 серыях – уся сучасная Беларусь: катаванні, сексізм, гамафобія, адмова прыняць заяву аб злачынстве, усё тое, пра што «Белсат» паведамляе ў навінах ледзь не штодня. Назва серыялу – «Сцяпаныч», ад 1 чэрвеня ён будзе даступны ў інтэрнэце на юцюб-канале «Прававой ініцыятывы».

Госцем Студыі «Белсат» праваабаронца і выканаўца галоўнай ролі Сяргей Усцінаў:

«Гэта цалкам некамерцыйны праект, гэта праваабарончы праект. Гэта серыял пра правы чалавека. Каб данесці правы чалавека «у масы» – проста жывую галаву, якая вяшчае пра правы чалавека, ніхто глядзець не будзе, акрамя кучкі праваабаронцаў і, можа, іх сябры. Гэта мінулы век. Мы доўга думалі над гэтай ідэяй, здымкі менавіта такога праекту ў жанры мастацкага фільму. І нарэшце ажыццявілі – знялі серыял «Сцяпаныч».

Гэта некамерцыйны праект, грошай у нас не было ад слова «зусім» на гэты серыял. Я не прафесійны актор, я зусім выпадкова трапіў на галоўную ролю. Таму што чалавек, якому мы запрапанавалі тыя капейкі, якія назбіралі па арганізацыях і спачуваючых – то ён проста адмовіўся здымацца. І мне сказалі: ну што, Сяргей, бярыся, калі гэты твая ідэя. І мне прыйшлося іграць галоўную ролю. У серыяле таксама будуць прафесійныя акторы, актывісты і праваабаронцы, якія вырашылі нам дапамагчы…»

Працяг размовы – у відэа.

belsat.eu