Сціплая гульня салігорскага ФК «Шахцёр»


Каб вельмі жадаць адгуляцца з 0:5, трэба рабіць гэта з першых хвілінаў. І ўзяць суперніка адным, а лепей двума мячамі бліц-крыгам. Мяркуючы па ўсім, салігорскі «Шахцёр» не надта і верыў у тое, што адбудзецца вяртанне ў Лігу Еўропы УЕФА.

Сяргей Ташуеў, галоўны трэнер ФК «Шахцёр» (Салігорск):

«Апрыёры мы хацелі паказаць добры футбол, бо разумелі, што той гандыкап. Але нам трэба было, каб футбалісты цягнуліся да гэтага ўзроўню. І другое: мы хацелі паказаць матч прывабны для заўзятараў, з небяспечнымі момантамі, з галявымі атакамі».

Досвед – рэч карысная. Ён дапамог салігорцам ва ўпэўнена зрэалізаваным пенальці Мікалаем Янушам у скампенсаваны час. Футбалістам, які з’явіўся на полі за 15 хвілінаў да гэтага. Гол уратаваў Беларусі пункт, а «Шахцёру» – задавальненне.

Вальтэр Мацзары, галоўны трэнер ФК «Тарына»:

«Калі б не здарылася 5:0 у першым матчы, то ад стартавых дзесяці хвілінаў у менскай гульні было б вельмі неспакойна. Супернік сёння паказаў сябе значна лепей, чымся ў Італіі. Прынамсі я сённяшнім двубоем у выкананні нашай каманды не надта задаволены. Часам было нядрэнна, але ўсё роўна горш у параўнанні з нашым хатнім двубоем».

Зрэшты, а што трэба? Салігорцы для свайго досведу ў Еўракубках і без таго зайшлі далёка. Трэці адборачны раўнд Лігі Еўропы быў у гарнякоў раней толькі аднойчы – у 2014-м. І тут, можа, і варта панаракаць, што не пашчасціла з супернікам.

Хаця відавочна, што «Тарыно» значна больш шэрае, чымся ягоныя землякі з «Ювэнтусу», але серыя А – гэта не «Беларусбанк» – Найвышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі. Таму варта проста суцешыцца тым, што «Шахцёр», якога называюць спрадвечна другім-трэцім у найвышэйшай лізе, якім ён фінішуе ў нацыянальным чэмпіянаце з 2010 года, а чэмпіёнам быў толькі ў 2005-м, пракрочыў у перадплэй-офаўскі раўнд Лігі Еўропы УЕФА. Ужо шчасце.

І клопат на будучыню. Як выйсці ў лідары? Пакуль хаця б чэмпіянату Беларусі. Чаго камандзе Сяргея Ташуева зычым сёлета. Праўда, ёсць невялікая праблема: «Дынама» (Берасце), БАТЭ, «Дынама» (Менск). Калі не гуляць так сціпла, як учора, то ўсё рэальна.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu