Страляніна ў Керчы – пачатак вялікага тэрору насельніцтва акупацыйнымі ўладамі?


Прынамсі 19 чалавек загінулі, яшчэ больш за 40 чалавек параненыя – гэткі лік ахвяраў сённяшняга выбуху і страляніны ў Керчы ў мясцовым політэхнічным каледжы. Большасць пацярпелых – падлеткі.

Трагедыю каментуе журналіст тэлеканалу ATR, крымскататарскі актывіст Айдэр Муждабаеў.

«18-гадоваму хлопцу далі дазвол на зброю. Яны ж праслухваюць усе тэлефоны, сочаць за дзецьмі ў садках і дакладваюць у ФСБ. Таму цяжка паверыць, што нават калі гэта адбылося без сувязі з расейскімі спецслужбамі, якія маюць вялікі досвед у арганізацыі падобных тэрактаў, усё роўна будуць думаць, як выкруціць гэтую сітуацыю ў свой бок.

Гэта напэўна не апошняе, што мы пачуем. З’явяцца новыя версіі, кшталту, што хлопец мае дачыненне да праўкраінскай групы, кантактаваў з дыверсантамі, што ў яго ёсць кантакты з крымскімі татарамі. А можа заставяць як ёсць. Але самы галоўны вынік тэракту – адкрытая скрынка Пандоры.

У Крыму ў прынцыпе ніколі такога не было… Не ведаю, што выдумаюць гэтым разам, але прастора для фантазіі акупацыйных уладаў расейскіх службаў вялікая. Яны атрымалі магчымасць гаварыць, што словы Крым і тэрор легалізаваныя разам»

Журналіст лічыць, што ў расейскіх службаў цяпер эйфарыя, бо тэрарызм у Крыму легалізаваны і можна выдумляць любыя справы.

«Яны будуць казаць, што ў Крыму можна дастаць выбухоўку і гд. Але больш кантралюемай тэрыторыі ў свеце, чым Крым, можа акрамя КНДР, не існуе. Там усё пад кантролем. Тое, што хлопец знайшоў выбухоўку, вельмі дзіўная сітуацыя. Гэта пачатак вялікага тэрору. Такія магчымасці для рэпрэсіяў і тэрарызму мясцовага насельніцтва яны не ўпусцяць, нават калі не яны гэта арганізавалі».

Усё будзе толькі горш, кажа журналіст.

Іншая госця праграмы, палітычная аглядальніца Вольга Паповіч, адзначае, што гэта можа быць не звязаны з палітыкай трагічны інцыдэнт.

«Але Расея кожную такую сітуацыю намагаецца выкарыстоўваць у палітычнай агендзе».

Больш глядзіце ў «Гарачым каментары»