Статкевіч: Трэба масава выйсці 25 сакавіка і паказаць, што абаронім незалежнасць


Беларускія міратворцы на Данбасе не патрэбныя. І наагул афіцыйнаму Менску, цесна звязанаму з Крамлём, лепш не лезці ў справы Кіеву на ўсходзе Украіны. Гэтак адрэагаваў на сённяшнюю заяву беларускага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея пра гатовасць уладаў нашае краіны даслаць на Данбас міратворцаў генерал-палкоўнік у адстаўцы, былы начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў Украіны і першы намеснік міністра абароны Украіны Анатоль Лапата. Пра гэта і не толькі ў «Гарачым каментары» выказаўся палітык, былы вайсковец Мікола Статкевіч.

Пра спыненне вайскова-тэхнічнай супрацы з Украінай

Калі Лукашэнку настойліва сказалі «стоп», ён мусіў спыніцца. Там толькі ідзе адзін бізнес з Украінай, я ўпэўнены, што вось гэтыя мільённыя пастаўкі беларускага паліва, відавочна дзеляцца з Усходам (Расеяй). А можа, там яшчэ нешта дастаецца і кіраўніцтву Украіны. А там, дзе ўжо непрыстойна тырчаць вушы і абураецца расейская грамадскасць, то там Крэмль мусіць сказаць «стоп».

Пра «нейтралітэт» Беларусі

Калі Пуціну спатрэбіцца, то ніякага нейтралітэту тут не будзе. Будуць войскі і ўсё што заўгодна. Але іншая справа: зараз вялікая вайна супраць Украіны менш імаверная, чым захоп Расеяй Беларусі.

Украіна ўрэшце адбудавала сваю нацыю, войска, яна гатовая змагацца, і там, як кажуць, лепш ужо нікому не лезці. А Беларусь дагэтуль разглядаецца, у сілу таго, што ў Расеі ведаюць маральны стан беларускага войску, яго настрой – прарасейскі, прапуцінскі, антызаходні – у іх ёсць спакуса гэтым пакарыстацца, таму што эфект Крыму для рэйтынгу Пуціна ўжо пачынае паступова зніжацца.

І, мабыць, можа зноў узнікнуць такая спакуса: «А ці зноў не ўтварыць мне эйфарыю і не падняць рэйтынг»? Я вельмі хачу, каб гэтага не было, але, на жаль, гэтая імавернасць ёсць, і яна расце. Нам з вамі трэба пра гэта думаць.

Пра беларускую незалежнасць і Дзень Волі

Гэты чалавек (Аляксандр Лукашэнка) сам добраахвотна залез, дзе прыдумаць такое, ператварыў нармальную маладую дзяржаву ў філіял Расеі ва ўсіх сферах! І зараз, калі Расея бяднее і радыкалізуецца, яна будзе за ўсё меншыя грошы патрабаваць усё больш.

І мы сапраўды апынаемся ў вельмі небяспечнай сітуацыі. Таму так важна 25 сакавіка, у стагоддзе аднаўлення нашай незалежнасці, выйсці як мага больш масава і паказаць, што беларусы будуць бараніць сваю дзяржаву. Нават калі гэтыя ўлады і войска не будуць яе бараніць. А мы будзем і абаронім!