Гарачы каментар Статкевіч патлумачыў, чаму не прымаюць дэкрэт аб «дармаедах»


Да сёння няма пастановы Саўміну з пералікам паслугаў для 100%-га аплачвання гэтак званымі «дармаедамі», як тое загадаў чыноўнікам Лукашэнка яшчэ ў студзені. Мікалай Статкевіч распавёў у жывым эфіры «Белсату», чаму чыноўнікі цягнуць.

«Гэта трэцяя спроба ўвесці дэкрэт «аб дармаедах». Другая спроба павінная была быць мінулай восенню. Але Беларускі нацыянальны кангрэс аб’явіў, што правядзе 21 кастрычніка Марш абураных беларусаў-2. Нам патрэбны быў час на падрыхтоўку. У гэты момант улада пайшла на хітрыкі: яны не абвесцілі пра гэты дэкрэт», – кажа Статкевіч.

«На тым маршу мы вырашылі таксама падняць тэму забітых у войску жаўнераў. Як толькі мы пра гэта сказалі, улады пачалі займацца гэтай праблемай», – працягвае палітык.

«Цяпер яны проста чакаюць. Яны ведаюць, што сёння збіраліся кіраўнікі камісіяў БНК вырашаць, як мы будзем рэагаваць на гэты дэкрэт. І яны не апублікавалі гэты дэкрэт. Яны чакаюць, каб мы абвесцілі пра свае планы. Калі не будзе тэмы акцыі, людзей будзе мала – ідэя пратэсту будзе дыскрэдытаваная. Ідзе гульня нерваў: яны назіраюць за намі, а мы чакаем пакуль яны апублікуюць дэкрэт, каб рэагаваць», – дадае наш суразмоўца.

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомы як дэкрэт аб дармаедстве, Аляксандр Лукашэнка падпісаў 2 красавіка 2015 года.

Асноўнай мэтай дэкрэту было намаганне дзяржавы кампенсаваць выдаткі на сацыяльныя паслугі, якія аказваюцца грамадзянам, якія не плацілі падаткі, ці плацілі іх не цалкам.

17 лютага 2017 года ў цэнтры Менску адбыўся «Марш раззлаваных беларусаў» супраць дэкрэту, які арганізавалі апазіцыйныя палітыкі – у тым ліку Мікалай Статкевіч.

Пасля гэтага хваля пратэстаў супраць дэкрэту пракацілася па ўсёй краіне.

9 сакавіка 2017 года Лукашэнка прыпыніў дзеянне дэкрэту да 2018 года, выступіўшы з заявай аб тым, што дэкрэт патрабуе зменаў.

Глядзіце размову з Мікалаем Статкевічам у «Гарачым каментары»

Глядзі таксама
Каментары