Гарачы каментар Статкевіч: Мы павінныя выйсці ў цэнтр і паказаць, што запалохванне на нас не дзейнічае


Мікола Статкевіч у эфіры «Белсату» заявіў, што служба бяспекі Аляксандра Лукашэнкі рыхтавала выбухі ў Менску.

Падаем словы апазіцыйнага палітыка.

Сенсацыйная інфармацыя ад «афіцэраў-патрыётаў»

Афіцэры-патрыёты ёсць паўсюды. Я атрымаў інфармацыю ад крыніцы, якая раней мяне ніколі не падманвала. У тое, пра што я даведаўся, адразу не паверыў, я быў у шоку. Згодна з гэтай інфармацыяй, 25 сакавіка планаваліся два выбухі, падчас Дня Волі. Не сярод дэманстрантаў, дарэчы, а сярод тых, хто не браў удзелу ў гэтай акцыі. Адзін выбух у аўтобусе ці тралейбусе, другі – у гандлёвым цэнтры.

Арганізатарамі гэтых выбухаў павінныя былі выступіць людзі з гэтак званага «аддзелу адмарозкаў» – так называюць у вузкіх колах службы бяспекі кіраўніка краіны.

Гэтая акцыя не была здзейсненая, і як патлумачылі людзі, якія далі інфармацыю, з-за вялікай сакрэтнасці КДБ не ведаў пра такія планы, і замест некалькіх чалавек, якіх павінныя былі затрымаць да Дня Волі, затрымалі ўсіх, каго маглі. У тэракце павінныя былі абвінаваціць апазіцыю, патрыётаў, але фігуранты справы «Белага Лёгіёну», і, дарэчы, я таксама, атрымалі алібі – яны знаходзіліся ў турме КДБ. Правакацыю, гэты жудасны тэракт былі вымушаныя адмяніць.

«Да фільму «БТ» не мог ува ўсё гэта паверыць»

Да апошняга моманту я не мог у гэта паверыць, але калі пабачыў учорашні фільм, там проста тыя самыя два выбухі, там проста з яго прэ ягоная неабмежаваная геніяльная ідэя – я так гэта ўспрымаю – і ён пра яе ўвесь час прымушае сваіх халуёў гаварыць. Я зараз звяртаюся да гэтага чалавека, каб ён гэтыя рэчы кінуў. Хай узгадвае лёс Кадафі, які бамбіў свой народ, і чым гэта для яго скончылася.

Я спадзяюся, што гэтая інфармацыя спыніць такія планы, таму што злачынцы вельмі не любяць, калі пра іх кажуць публічна.

Але яшчэ я чакаю тлумачэнняў ад гэтага чалавека: праўда гэта ці не. Скажы нам, таму што не ўпершыню атрымліваем пацверджанні пра дзейнасць аддзелу. Мне яшчэ раней казалі, што гэты аддзел мае дачыненне да выбухаў у менскім метро 6 гадоў таму.

Я чакаю адказу. 21-га красавіка будзе выступ перад гэтак званым «парламентам», зварот там да іх, гэтых прызначаных дэпутатаў, і нібыта да беларускага народу – вось хай адкажа! Калі адказу не атрымаем, 1 траўня ў нашую рэзалюцыю будзе дададзены яшчэ адзін пункт: будзем патрабаваць паўторнага расследавання ў справе аб выбуху ў 2011 годзе ў менскі метро і ў справе датычнасці да выбуху спадара Лукашэнкі. Мы пра гэта будзем казаць на ўвесь свет. Гэтую справу схаваць ужо не ўдасца, расстраляўшы гэтых нібыта выдатных спецыялістаў па выбухах, якія ў сябе на кухнях змайстравалі высокатэхналагічную бомбу – і раней не верылася, а цяпер тым больш. Звяртаюся да беларусаў: паглядзіце, што адбываецца. Гэтаму (Аляксандру Лукашэнку), каб проста пагуляцца ў нейкую інфармацыйную гульню, не шкада дзясяткаў чалавечых жыццяў тых жа беларусаў. Калі, безумоўна, гэта праўда, і адваротнае не будзе даказанае.

«Не можам дазволіць сябе запалохаць»

Мы не лічым, што пасля таго, што адбылося 25 сакавіка, пасля таго, як дзясяткі ні ў чым не вінаватых маладых людзей сядзяць у турме, мы маем маральнае права дазволіць сябе запалохаць. Калі мы дазволім сябе запалохаць – яны там застануцца.

Мы павінныя прыйсці ў цэнтр і паказаць, што гэта на нас не дзейнічае. Тады ў іх ёсць шанец выйсці на свабоду.

Цяпер ужо правакацыяў не чакаю. Калі іх нехта і рыхтаваў, то ён ужо ведае, што пра ўсё вядома. Я вельмі ўдзячны людзям, якія мне пра ўсё гэта распавялі і якія дазволілі публічна яе распаўсюдзіць. Вы ж разумееце: шмат людзей пра гэта ўсё не ведалі, і ўжо зараз пачаліся пошукі гэтых людзей. Яны вельмі рызыкуюць, яны пайшлі на велізарную рызыку, але мне далі дазвол на гэта, інакш гэта спыніць нельга. Гэтыя людзі спынілі магчымае забойства. Дзякуй вам, сябры, вы героі!

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары