Старшыня Саюзу палякаў Анджэліка Борыс: «Судзіць за традыцыі, за культуру – гэта проста ганьба»


Суд Ленінскага раёну Горадні спыніў адміністратыўную справу супраць старшыні Саюзу палякаў Анджэлікі Борыс. Яе вінавацілі ў арганізацыі традыцыйнага польскага кірмашу рамёстваў «Казюкі» без дазволу ўладаў.

«Я лічу, што справа Анджэлікі Борыс – палітызаваная. Яна паказвае не толькі стаўленне да Саюзу палякаў, але і да ўсіх палякаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі», – кажа Марэк Занеўскі, віцэ-старшыня Саюзу палякаў.

Сваёй віны ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства Анджэліка Борыс не прызнала. Бо «Казюкі» ладзілася ва ўнутраным дворыку побач з польскім консульствам. Гэтую тэрыторыю Саюз палякаў у Беларусі арандуе. Падтрымаць старшыню непрызнанага ўладамі Беларусі Саюзу палякаў у суд прыйшлі каля ста чалавек. Аператара, што асвятляў працэс у судзе, затрымалі міліцыянты, аднак адпусцілі, перапісаўшы пашпартныя звесткі.

«Чаму ўсё гэта адбылося? Увесь гэты працэс… Яго не павінна было быць! Таму што гэта стасунак да польскай меншасці, судзіць за традыцыі, за культуру – гэта проста ганьба. І канешне, нягледзячы на ўсе гэтыя суды, мы праводзілі гэтыя мерапрыемствы і будзем праводзіць. Нягледзячы на тое, што і як будзе адбывацца далей…» – гаворыць спадарыня Анджэліка Борыс.

Уся размова – у сюжэце.

belsat.eu

Фота: Белсат