Старажытны Ваўкавыск. Шведская гара без шведаў


Назва старажытнага цэнтру Ваўкавыску – сведчанне кароткае людское памяці. Паводле мясцовага падання, Шведскую гару насыпалі жаўнеры Карла XII у Паўночную вайну.

У сапраўднасці ж адсюль пачынаўся Ваўкавыск у канцы X ст., на сем стагоддзяў раней. Адметнасць раннесярэднявечнага Ваўкавыску – ажно тры ўмацаваныя паселішчы: Шведская гара, Замчышча і Муравельнік. З XV ст. горад працягваў развівацца ў іншым месцы, таму старажытны цэнтр захаваўся амаль некранутым, з чаго напоўніцу скарысталі археолагі ў XX ст.