Спецслужбы хочуць рэінкарнаваць справу «Белага легіёну»?


Адной рукой гладзяць, другой – бізуном махаюць. Здавалася б, вось толькі-толькі Следчы камітэт спыніў крымінальную справу супраць былых актывістаў «Белага легіёну», не ўгледзеўшы ў іх дзеяннях анічога грамадска небяспечнага, як тут жа распачаў ажно тры крымінальныя справы супраць экс-«легіянераў».

Нядаўніх фігурантаў «справы патрыётаў» цяпер вінавацяць у незаконным абарачэнні і захоўванні боепрыпасаў. Звестак пра новыя справы вобмаль – нават у праваабаронцаў. Дакладна вядома, што фігурант аднае з іх – Андрэй Бяляўскі. У часе ператрусу яшчэ ўвесну следчыя знайшлі ў яго дома адзін патрон ад аўтамата Калашнікава. Паводле Следчага камітэту, на дадзены момант Бяляўскі мае статус падазраванага.

«Вядома не шмат. Мы ведаем толькі акалічнасці справы Андрэя Бяляўскага. Астатніх акалічнасцяў не ведаем», – каментуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

«Мы не ведаем, з чым звязаныя гэтыя крымінальныя справы а версіяў можа быць вельмі шмат. Што датычыць Бяляўскага, бо інфармацыі хапае, бо ён сам справу каментуе, і з яе вынікае, што ў сакавіку падчас ператрусу знайшлі няшчасны патрон, які стаў падставай для новай крымінальнай справы», – адзначае Стэфановіч.

Праваабаронца адзначае, што ў справе ёсць нюанс.

«Калі карыстацца логікай СК, калі нават пры фармальных прыкметах узброенага фармавання СК зачыняе справу як малазначную, дык справа з адным патронам не ўяўляе ніякай грамадскай небяспекі».

Больш глядзіце ў відэа.