Спецдакладчыца ААН: Праблема дзяцей, якія сядзяць за наркатычныя артыкулы, – мой прыярытэт


У юбілей ухвалення Канвенцыі правоў дзіцяці Анаіс Марэн хоча прыцягнуць увагу да дзяцей-328 у Беларусі. Права на развіццё сваіх магчымасцяў, абароненасць ад голаду, галечы ды эксплуатацыі абвесціла Канвенцыя правоў дзіцяці. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў ухваліла яе роўна 30 гадоў таму.

Чаму пераслед няпоўнагадовых паводле гэтак званых антынаркатычных артыкулаў парушае гэтую канвенцыю? Як зрабіць так, каб дзяцей не адпраўлялі на доўгія гады ў калоніі? Пра гэта з адмысловаю спавяшчальніцаю ААН у пытанні правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн размаўляе Аляксандр Папко.

Аляксандр Папко: Добры дзень, спадарыня Марэн! Сёння спаўняецца 30 гадоў з дня, калі ААН ухваліла Канвенцыю правоў дзіцяці. Якія асноўныя прынцыпы гэтай канвенцыі, якую нашая краіна таксама ратыфікавала?

Анаіс Марэн: Беларусь ратыфікавала канвенцыю ў 1990 годзе, і яе заканадаўства мусіць адпавядаць усім прынцыпам гэтай канвенцыі. Першы з іх кажа, што чалавек лічыцца дзіцём, пакуль яму не споўніцца 18 гадоў. Другі кажа, што дзеці маюць асаблівыя, адрозныя ад дарослых патрэбы, і ўсе рашэнні, які прымаюцца ў дачыненні дзіцяці, мусяць мець за найвышэйшую мэту дабро гэтага дзіцяці. Трэці прынцып сцвярджае, што нават у крымінальных справах такія захады – арышт, узяцце пад варту або пазбаўленне свабоды – могуць ужывацца толькі ў скрайніх выпадках і на максімальна кароткі час.

Лукашэнка пра патрабаванні «Маці-328»: У людзей не павінна быць сумневаў у справядлівасці

– І гэта тэма, якую мы абмяркоўваем сёння: пазбаўленне свабоды няпоўнагадовых на падставе антынаркатычных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Якія прынцыпы Канвенцыі правоў дзіцяці ды іншых міжнародных дакументаў парушае такая практыка?

– Пасля таго, як кіраўнік Беларусі падпісаў Дэкрэт № 6 пры канцы 2014 года, дзяржава пачала вельмі жорстка змагацца з наркатычнымі злачынствамі. Праблема ў тым, што крымінальны пераслед аднолькава жорсткі ў дачыненні дарослых і дзяцей. Гэта супярэчыць прынцыпу Канвенцыі правоў дзіцяці, згодна з якім пакаранне мусіць быць максімальна кароткае. На падставе трэцяй і чацвёртай частак артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі дзясяткі няпоўнагадовых былі арыштаваныя і асуджаныя на пазбаўленне волі тэрмінам 10 і больш гадоў. І тут мы бачым парушэнне іншага прынцыпу Канвенцыі правоў дзіцяці, які сцвярджае, што любая крымінальная працэдура, ужываная да дзіцяці, мусіць мець на мэце рэінтэграваць гэтае дзіця ў грамадства. З такімі доўгімі прысудамі гэта вельмі праблематычна.

Лукашэнка пра «Маці-328»: Ім трэба параіць своечасова займацца сваймі дзецьмі

– Ці можаце вы назваць выпадкі дрэннага і прыніжальнага абыходжання з няпоўнагадовымі, якія сядзяць у калоніях?

– Праблемы з’яўляюцца не толькі ў момант пазбаўлення волі. Ужо на этапе допыту і арышту парушаюцца правы дзіцяці, якія датычаць паведамлення бацькам, доступу да адваката, і г. д. Ёсць выпадкі, калі дзеці былі ў следчых ізалятарах у тых самых камерах, што і дарослыя. Гэта парушэнне канвенцыі, Пекінскіх правілаў у дачыненні няпоўнагадовых ды іншых дакументаў. Таксама мне паведамлялі, што дзяцей прымушаюць працаваць за мізэрны заробак, не заўсёды з адпаведнымі сродкамі аховы. На працу яны выдаткоўваюць час, які павінен быць прызначаны на адукацыю, каб у момант выхаду на волю яны маглі знайсці працу.

– Аднак ці ўлады вядуць дыялог з грамадзянскаю супольнасцю і з вамі, каб развязаць гэтую праблему, каб абараніць правы няпоўнагадовых?

– Для мяне гэта прыярытэт, я гэтага не хаваю. Гэтая праблема кранае мяне за сэрца. Ува ўсіх нас ёсць дзеці, кожны можа зразумець трагічнасць сітуацыі. Я вельмі ўдзячная беларускім недзяржаўным арганізацыям за працу, за тое, што яны паведамілі пра гэтую праблему. Я ўдзячная «Amnesty International», а таксама іншым адмысловым спавяшчальнікам ААН, якія заняліся гэтаю праблемай і накіравалі зварот ураду Беларусі. Гаворка пра адмысловую групу ў справе незаконных затрыманняў, адмысловых спавяшчальнікаў у пытанні права на здароўе, права на адукацыю і гэтак далей. Мы чакаем ад уладаў Беларусі адказу. Мы спадзяёмся, што з нагоды юбілею Канвенцыі правоў дзіцяці яны прыслухаюцца. Я думаю, беларускае грамадства гатовае злагодзіць пакаранні для дзяцей, увесці альтэрнатыўныя формы пакарання. Калі пазбаўленне волі – гэта скрайняя захада, то трэба вывучыць усе магчымыя альтэрнатывы: грамадскія працы, абмежаванне волі. У іншым выпадку ў калоніях будуць толькі ствараць злачынцаў…

Аляксандр Папко belsat.eu

Аб’ектыў
9 і 10 гадоў зняволення для няпоўнагадовых. Тры новыя прысуды па наркатычным артыкуле 328
2019.08.13 23:00