Спартовы аглядальнік «Белсату» пра гучную адстаўку: Самы слабы міністр спорту за ўсю гісторыю


У разгар Алімпіяды кіраўнік краіны пастанавіў змяніць кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму.

Паводле афіцыйнай фармулёўкі Аляксандр Шамко пазбавіўся сваёй пасады за непрыняцце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў сваім ведамстве і падначаленых арганізацыях. З такой жа фармулёўкай знялі і міністра сельскай гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча. Пра значэнне адстаўкі Шамко на фоне адной з галоўных спартовых падзеяў года гутарым з спартовым аглядальнікам «Белсату» Дзмітрыем Сухановічам.

«Ён наагул не рабіў ніякіх крокаў, асабіста на маю думку, гэта самы слабы міністр спорту за ўсю гісторыю існавання гэтай галіны. Мне здаецца, ад яго нават нічога не залежала. Залежала толькі, як размеркаваць грошы па федэрацыях. Таму хто быў бліжэйшы да яго, атрымліваў больш. А каб ён меў нейкі голас, каб да яго прыслухоўваліся, то, на маю думку, гэта не той чалавек, які павінен кіраваць такой машынай як спорт», – адзначыў Дзмітрый Сухановіч.

На ягоную думку, менавіта слабы выступ нашых спартоўцаў на Алімпіядзе, якая цяпер праходзіць у паўднёвакарэйскім Пхёнгчхангу, стаў прычынай кадравых зменаў.

Фотаздымак на застаўцы да відэа з сайту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту фізічнай культуры